Разное

« Назад

Дабрачынныя літаратурныя чытанні для дзяцей з малазабяспечаных сем'яў.

Дабрачынныя літаратурныя чытанні для дзяцей з малазабяспечаных сем'яў.

  

 

У Год кнігі распачалася важная і важкая грамадзкая ініцыятыва — дабрачынныя літаратурныя чытанні “Чытайка”. Іх будуць штомесяц праводзіць кампанія “Альмедырум” і выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Як выявілася,
арганізаваць у Беларусі дзіцячае свята можна проста і хутка — было б толькі жаданне і зрух дарослай душы…

Чытанні прызначаны для гадаванцаў дзіцячых дамоў, дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, тых, хто знаходзіцца на стацыянарным лекаванні, і інш. 7 ліпеня
ў Музей гісторыі Мінска, дзе праходзіла акцыя, прыйшлі маленькія беларусы і беларусачкі, якімі апекуецца сталічны Цэнтр дадатковага выхавання дзяцей і моладзі “Ветразь”.

Дзеці ўваходзілі ва ўтульны пакой нясмела, трымаючы самых маленькіх за руку. Але пабачыўшы варсісты зялёны дыван, маленькага беленькага трусіка Ляльку, смачны пачастунак, вясёлыя твары дарослых, дзеці пачалі адчуваць сябе смялей, успрымаць акцыю як сваё свята. Яны з задавальненнем сядалі на рознакаляровыя падушкі, некаторыя адразу клаліся на дыван, быццам на мяккую зялёную траву. Пасля таго, як усе ўладкаваліся, дзяцей пазнаёмілі з вядоўцамі “Чытайкі”: акторкай і тэлевядучай Ганнай Хітрык і салістам групы “Колер Алоэ” Сяргеем Лапкоўскім.
Для чытання арганізатары абралі дэбютную кнігу Людмілы Ціняковай “Дзiвосы летняга лугу”.

У рознакаляровым зборніку караценькіх апавяданняў, які выйшаў у выдавецтве “Мастацкая лiтаратура”, распавядаецца пра нялёгкае жыццё і неверагодныя прыгоды жукоў, матылёў, мураўёў дый іншых казюлек.

Як бацька, я сам чытаю сваім дзяўчынкам казкі ўголас і таму магу належным чынам ацаніць, як іншыя дарослыя робяць гэта.
Ганна і Сяргей выявіліся бліскучымі вядоўцамі, суладным тандэмам, які атрымліваў задавальненне ад сваёй працы і дарыў радасць усім прысутным.

Слухаць іхняе сумеснае чытанне па-беларуску, назіраць за імгненным таямнічым пераўвасабленнем у розных казачных герояў было вельмі цікава і весела, і нядзіва, што ў залі лунаў яскравы смех і што раз чуліся воплескі маленькіх рук. Вось

Сяргей апрануў вялікія цёмныя акуляры — і ён ужо паважны Крот, а вось Ганна выхапіла з-за спіны мяккую цацку — і яна ўжо шпаркі Матылёк, які кружляе сярод маленькіх слухачоў, размаўляючы з імі таненькім галасочкам. Міміка, інтанацыі, тэмбр голасу, рухі вядоўцаў, “рэквізіт” — з-боку ўсё выглядала так, быццам прысутныя знаходзяцца ў дзіцячым тэатры!

Пасля таго, як тры казкі Людмілы Ціняковай ператварыліся з літараў ў гукі і залуналі пад столлю, увагай залі завалодаў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Вы ўсе цудоўна ведаеце магічныя здольнасці Андрэя ў справе кіравання дарослай аўдыторыяй. Дык вось выявілася, што і

з самымі маленькімі слухачамі Хадановіч можа працаваць як ілюзыяніст Гудзіні. Ягоная паэтычная шчырасць і бліскуча-рытмічныя дзіцячыя вершы, падчас чытання якіх “вялікі, тоўсты дзядзька” (выраз самога Андрэя) ператварыўся ў маленькую дзяўчынку, прыйшліся даспадобы дзецям. Добразычлівыя слухачы дазволілі Хадановічу ўзяць адну цукерку як узнагароду за сваю працу.

Але і пасля выступу Хадановіча свята шчэ ня скончылася: дзеці лашчылі трусіка Ляльку, фатаграфаваліся з ім… Удзельнікі “Чытайкі” з асобнікамі “Дзiвосаў летняга лугу” ў руках заплюшчвалі вочкі, бралі па цукерцы, перавязанай атласнай стужкай, і загадвалі чароўнае жаданне — чакалядны прысмак ў хрусткай абгортцы ня можа падмануць, калі маленькі чалавек шчыра жадае сабе шчасця!

Аўтар: Павал Абрамовіч

nn.by

« Назад

Soundэфир


Сделаем чудо вместе!

Рассылка

Здесь можно подписаться на рассылку «новостей из сундука»:
Ваш e-mail