Што Лявон Вольскі рабіў з цяжарнай Ганнай Хітрык?
Вестка, што адная з вядучых акцёрак Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык нарадзіла пяршынца Сцяпана абляцела інтэрнэт. Але мала хто ведае, што літаральна за пару дзён да родаў Ганна надоўга зачынялася ў студыі з Лявонам Вольскім.
- Калі Лявон прапанаваў разам запісаць песню “Вера, надзея, любоў”, а потым зняць на яе кліп, я адразу пагадзілася, - кажа Ганна Хітрык. – Песня вельмі светлая, вельмі шчырыя. Да таго ж, яна спяваецца на дзве ролі – мужчынскую і жаночую. Там хапае драматургіі, персанажы спрачаюцца і змагаюцца, як Светлае і Цёмнае… Мне было гэта цікава і як акцёрцы, і як спявачцы!..
Лявон Вольскі прызнаецца, што яму было крыху трывожна запісваць дуэт з жанчынай на апошнім месяцы цяжарнасці.
- У Ганны ў песні такія, ведаеце, распеўныя словы, спакойныя, замілаваныя. А ў мяне, наадварот, жорсткія. Я там мушу літаральна крычаць у некаторых момантах. І гэта – на вуха цяжарнай жанчыне! Я напачатку крычаў так асцярожненька... А потым папрасіў Ганну проста выйсці на гэты час. Іначай не змог бы запісаць песню!
Алё ўсё атрымалася файна, і Ганна Хітрык нарадзіла… праз тры дні пасля сканчэння здымак! Цяпер ідзе апошняя дапрацоўка кліпа, і праз некалькі дзён чакаецца ягоная прэзентацыя на партале TUT.BY.