Лявон Вольскі збіраецца ў эміграцыю?
“Дык што — усё? Ад нас нічога не залежыць? Мы сапраўды ні на што не ўплываем? Няўжо напраўду застаецца толькі эміграцыя?” — пытаецца лідар гурта “Крамбамбуля” Лявон Вольскі, прадстаўляючы наведнікам TUT.BY трэйлер да відэакліпа на новую кампазіцыю “Вера, надзея, любоў”, запісаную разам з Ганнай Хітрык. Прэм’ера відэа адбудзецца 22 сакавіка.
“Усё часцей чуеш шматкі безнадзейных фразаў: “Гэтай зямлі ўжо нічога не дапаможа”, “Гэта, напэўна, вельмі надоўга”, “Вось і жывіце самі ў сваім калгасе”…
Роспач, паняверка, расчараванне… Гэтыя пачуцці ахапляюць ўсё большую колькасць людзей.
Хацелася Калядаў, цуду, дзіцячых адчуванняў, а давялося пісаць святочныя паштоўкі ў вязніцу…
Хацелася слухаць улюбёнае радыё, але на гэтай хвалі — цішыня.
Хацелася глытку свабоды на канцэрце ўлюбёнага гурту… Замест гэтага панура цягнешся здаваць квіток.
Таленавітыя, амбітныя, адукаваныя людзі штодня з’язджаюць з краіны. На Захад, на Ўсход, ва ўсіх накірунках.
Стаміліся ад хамства, ад шэрасці, ад адсутнасці перспектывы. Ад прапаганды, ад страху, ад вычварных правілаў гульні. Ад непажаданых тэмаў, ад кар’ернага росту спрытных мужычкоў і кабетак, якія ўмеюць у патрэбны час вымаўляць патрэбныя словы…
Дык што — усё? Ад нас нічога не залежыць? Мы сапраўды ні на што не ўплываем? Няўжо напраўду застаецца толькі эміграцыя? Ці то на радзіме — унутраная, ці ў іншай краіне — натуральная?
Што пераможа – роспач, расчараванне, нянавісць? Ці Вера, Надзея, Любоў? Адказ — у кожным з нас”.
Здымкі кліпа па песню “Вера, надзея, любоў” адбыліся ўсяго за тры дні да таго, як Ганна Хітрык нарадзіла першынца Сцяпана. Прэм’ера відэа адбудзецца 22 сакавіка на партале TUT.BY. Не прапусціце!