Ганна Хітрык і «S°unduk» з падарункаміСьвяточны канцэрт гурта «S°unduk» на чале з Ганнай Хітрык адбыўся якраз на Каляды. Улічваючы тое, што гэта была апошняя сустрэча калектыву з прыхільнікамі перад значным перапынкам, канцэрт стаў вялікім сьвятам і для саміх музыкаў. «Пэўна ўсе разумеюць, што безь перапынку нашая творчая дзейнасьць не абыдзецца», — сказала Аня ў самым пачатку выступленьня…S°unduk«Навагодні S°unduk» не абяцаў быць вясёлым — хутчэй філязофскім. Аня Хітрык шмат разважала пра дараваньне, пра добрую памяць ды і ў фінале пажадала надаваць большую ўвагу людзям, якія знаходзяцца побач. Аднак безь сюрпрызаў, падарункаў і свавольства канцэрта не бывае. «Пэўна ўсе разумеюць, што безь перапынку наша творчая дзейнасьць не абыдзецца», — сказала Аня ў самым пачатку выступленьня — пасьля прэм’еры песьні «Сьнегавік», у вобразе якога яна выглядала вельмі пераканаўча: нос-морквачка і вядро на галаве надалі сьпявачцы вельмі кранальнае падабенства з гэтым зімовым пэрсанажам.
Падарункі з «навагодняга сундука» можна падзяліць на дзьве катэгорыі — тыя, якія сталі ўжо традыцыйнымі (нягледзячы на тое, што адбылося толькі два канцэрты) і тыя, якія сталі сюрпрызам. Традыцыйным быў «букет нявесты», які Аня кідае ў залю кожны раз пасьля выкананьня песьні «Выдуманная»: «Нават калі здарыцца так, што нехта зловіць яго двойчы, няўжо, гэта ня будзе пацешна?» — лічыць Аня і зьбіраецца працягваць гэтае свавольства на наступных канцэртах. Чарговы «хутчэй за ўсё непатрэбны» падарунак «з сундука» атрымала дзяўчына Надзея, памяняўшы яго на ключык, знойдзены пад крэслам.
Нечаканым падарункам стаў сайт гурта, які быў зьвярстаны ў рэкордны тэрмін і на якім можна знайсьці амаль любую інфармацыю пра калектыў, яго ўдзельнікаў і прыняць да ўвагі адваротную сувязь: «Гэта як нараджэньне маленькага сьвету! Павіншуйце нас, калі ласка!» — папрасіла Аня і прысьвяціла камандзе сайту песьню «Маленький мир».
Найбольш нечаканым, але ў той жа час і вельмі жаданым падарункам сталі старыя новыя песьні з рэпэртуару «Дзецідзяцей» — «Небо, я…», «Театральная», «Какая есть» і «Счастье» (апошняя была выкананая ў суправаджэньні скрыпічнага трыё, трубы і дзьвюх віяланчэлей).
Завяршыўся канцэрт прэм’ерай песьні «Напишу» і пажаданнямі быць у новым годзе больш уважлівымі да сваіх блізкіх і традыцыйнай «мантрай» ад Ані, што «Ўсё будзе добра!». Ане заўсёды хочацца верыць…
Кацярына Нікіціна, для «Тузіна Гітоў»
Фота: Андрэй Рышкевіч
http://music.fromby.net/article/2379/