25 жанчын, без якіх не было б беларускай музыкі (+ аўдыё)
Так павялося, што жанчыны ў найноўшай гісторыі беларускай музыкі, як тая салістка “Песняроў” Ісупава на вокладцы старой кружэлкі вытворчасці фірмы “Мелодыя”, несправядліва прыкрытыя вялізарнай літарай, загнаныя ў цень і незаслужана забытыя. Паспрабуем хоць на каліўца аднавіць справядлівасць у гэтым аглядзе, прысвечаным тым асобам, без якіх немагчыма ўявіць нашу папулярную музыку. “Папулярная” ў дадзеным выпадку не вызначэнне жанру, а сведчанне пра арыгінальнасць і ў той жа час запатрабаванасць творчага прадукту. Таму тут знаходзіцца месца для опернай прымы, этна-дзівы, зоркі эстрады, санграйтэра з гітарай ды рок-вумэн. Вядома ж, спіс далёка не поўны, але ён можа даць уяўленне пра абсалютна не даследаваную яшчэ гісторыю беларускай жаночай музыкі. Варта згадаць імёны іх папярэдніц – тых, хто безумоўна паўплываў на фармаванне беларускай музычнай культуры ў другой палове XIX – першай палове XX ст. Гэта скрыпачка Тэафілія Юзэфовіч, якую звалі “Паганіні ў сукенцы”, піяністка Каміла Марцінкевіч, кампазітар Эльза Зубковіч, спявачка і акторка Вера Пола, сусветна вядомая оперная спявачка беларускага паходжання Ганна Мейчык ды шмат іншых.
Год у таймлайне абазначае час найбольшай актыўнасці той ці іншай спявачкі, узлёт яе творчай кар’еры. Для аўдыёілюстрацыі абіралася знакавая кампазіцыя артысткі, запісаная ёй, як правіла, у азначаны час.
Ларыса Александроўская 1942
Менавіта ад Александроўскай можна весці адлік у гісторыі беларускай папулярнай музыкі. Вуснамі першай народнай артысткі Беларусі абвяшчаюцца два знакавыя тосты эпохі – “Бывайце здаровы!” і “Выпьем за Родину, выпьем за Сталина”. Ад 20-х гадоў мінулага стагоддзя і яшчэ на як мінімум два дзесяцігоддзі артыстка з велічным і рэдкім імем па бацьку “Пампееўна” – галоўная беларуская спявачка, перад талентам якой схіляецца ўсё насельніцтва маладой беларускай рэспублікі, уключна з яе кіраўніцтвам. Спецыяльна на яе ходзяць у Оперу, яе пасылаюць на ўрачыстыя вечары ў Маскву выступаць перад Сталіным і нават вайна не спыніць яе гастролі. Толькі што замест пафасных і пампезных залаў выступы будуць праходзяць у шпіталях ды зямлянках. Менавіта Александроўская першай выканае песенны ўзор таталітарнага мастацтва “Наш тост”.
Тамара Ніжнікава 1955
30-гадовая салістка беларускай Оперы Тамара Ніжнікава атрымлівае званне Народнай артысткі рэспублікі, а праз пэўны час і Саюза. Дзяўчына з Самары пасля вучобы ў маскоўскай кансерваторыі апынулася ў пасляваенным Мінску, дзе зусім хутка стала сапраўднай зоркай, дзякуючы свайму непаўторнаму голасу. Яна валодала рэдкім каларатурным сапрана і шмат якія творы пісаліся адмыслова пад яе. У Оперы Тамара саліруе ў “Марынцы” Рыгора Пукста і “Дзяўчыне з Палесся” Яўгена Цікоцкага, а таксама дае сольныя канцэрты. Разам з класічным арыямі выконваюцца песні беларускіх кампазітараў. Стаўка на рамансы і народныя творы, якія спявачка кожны раз абавязкова ўключае ў свой рэпертуар.
Тамара Раеўская 1963
На ўсю краіну загучаў распеўны голас спявачкі з Асіповічаў. Песні ў мяккім і пранікнёным выкананні салісткі Беларускага радыё палюбяць асабліва ў вёсках, дзе яшчэ не вынішчана беларуская мова. Раеўская шмат спявае пра любоў да Радзімы, але водгук знаходзяць нумары з прысвячэннем бацькам. Асабліва “Калыханка маме”, якую ужо “гарадскія” дзеці ды ўнукі часта замаўляюць для сваіх бабуляў і матуляў у праграме па заяўках, што гучыць па выходных з радыёкропкі.
Нэлі Багуслаўская 1966
Фурор прадстаўніцы беларускай эстрады на І усесаюзным конкурсе савецкай песні. Сама ўкраінка, выпускніца музычнай вучэльні Душанбэ, поспех займела ў Беларусі. Яе зорка на эстрадзе ўзышла даволі позна – у 31 год, а яшчэ праз тры гады на фірме “Мелодыя” выйшла кружэлка-міньён Багуслаўскай. На той час гэта азначала поўнае прызнанне таленту. Акампанавала спявачцы па першым часе група “Арбіта-67”, якой кіраваў Ізмаіл Капланаў, з якім Нінэль ужо была ў шлюбе, а ў складзе гралі будучыя “песняры” Мулявін з Місевічам. Прыкметная знешнасць і моцны голас скараюць публіку і спявачку выпускаюць за мяжу, у тым ліку ў Канаду, дзе яна выступае ў межах культурнай праграмы сусветнай выставы “Экспа-1967”. Першыя хіты Нэлі апяваюць трывалае сяброўства – “Серёжка, Наташка и Петька Смирнов” ды “Начало начал”.
Вольга Аліпава 1968
Сярод спрэс хлапечых самадзейных біг-біт ансамбляў, з’яўляецца група з жаночым вакалам. Першая беларуская рок-вумэн пачынала як вакалістка гурта “Наследники”, які неўзабаве забароніць абкам камсамола. Дачка супрацоўніка КДБ, яна ўваходзіла ў суполку мінскіх хіпі, апраналася ярка і з выклікам, спявала дзёрзка і толькі на замежнай мове. Менавіта Аліпава знаёміла прасунутую мінскую публіку з навінкамі сусветнай музыкі, прадстаўляючы ў сваім выкананні песні з новых альбомаў “Deep Purple” і “Led Zeppelin”. Слава пра дзяўчо, што пяе, як Роберт Плант, пры канцы 70-х разышлася на ўсю нефармальную Беларусь.
Надзея Мікуліч 1971
На беларускіх канцэртных афішах з’яўляецца спявачка з гітарай – інструментам, які ўспрымаецца выключна як мужчынскі. Вакалістка першых дзявочых беларускіх гуртоў – “Чараўніцы” і “Верасы”, яна спрабавала свае сілы і ў рок-музыцы, выступала з “Сузор’ем” і з Дзінам Рыдам. Шмат у чым дзякуючы Мікуліч увесь Саюз загаварыў пра беларускую эстраду як пра сапраўдную з’яву. На піку папулярнасці “Верасоў” Надзея сышла ў дэкрэт і нават страціла голас, але здолела вярнуцца на сцэну ўжо ў сольным амплуа, выступаючы як з ансамблем, так і ў фармаце а-ля ранні Боб Дылан – гітара ды гармонік.
Людміла Ісупава 1978
Нечуваная справа: Уладзімір Мулявін запрасіў папрацаваць у ансамбль жанчыну! Спявачка з мадэльнай знешнасцю Людміла Ісупава да гэтага працавала ў “Верасах” ды саліравала разам з Ларысай Долінай у біг-бэндзе Анатоля Крола. Ісупава ўвойдзе ў гісторыю як першая і апошняя жанчына, што была ў складзе “Песняроў”, яе задзейнічаюць у стварэнні праграмаў “Песня пра долю”, “Гусляр”, а таксама ў запісе трэцяй кружэлкі “Песняроў”. На вокладцы менавіта яе з усяго складу ганебна прыкрыюць літарай “С”. На гастролі ў Амерыку разам з ансамблем Ісупава ехаць адмовіцца і па хуткім часе будзе выступаць самастойна ды выдасць на “Мелодыі” аўтарскі міньён.
Ядвіга Паплаўская 1981
Хітом усесаюзнага маштабу становіцца песня “Я у бабушки живу”, з кранальнай дзіцячай наіўнасцю выкананая Ядвігай Паплаўскай. Да гэтага артыстка скарыла ўжо публіку дуэтнай кампазіцыяй “Я люблю цябе” на “Песні году–1979”. З таго часу і назаўжды яна стала самай пазнавальнай артысткай беларускай эстрады на ўсёй 1/6 частцы сушы. Нібы з Ядвігі малявалі маму дзядзі Фёдара ў “Прастаквашыне”. Вакалістка “Верасоў” ад самага пачатку і на доўгія 15 гадоў, яна ўспрымаецца ў масавай свядомасці неад’емна ад свайго мужа Аляксандра Ціхановіча, таксама саліста гэтага ВІА, і лічыцца ўзорам жаночай вернасці, нягледзячы на перыядычныя чуткі, што не ўсё так добра ў артыстычнай сям’і. Пасля “Верасоў” “Ядзя і Саша” (народная назва ўтворанага імі гурта “Счастливый случай”) узяліся спяваць на дваіх залатыя хіты “Верасоў” – “Малиновку”, “Завіруху”, “Карнавал” ды дзясяткі іншых.
Святлана Кульпа 1982
Вядучая салістка ансамбля “Чараўніцы”, якая зрабіла бліскучую па тых часах сольную кар’еру на эстрадзе. Пры канцы 70-х – яна адна з самых запатрабаваных поп-спявачак БССР, дзякуючы статусу лаўрэата ўсесаюзнага конкурсу савецкай песні. Гастролі праходзяць не толькі па Савецкім Саюзе, але і па ідэйна блізкім дальнім і не вельмі замежжы – Нямеччына і Польшча, Чэхаславаччына і Вугоршчына і нават Мазамбік і Лаос – часам па два канцэрты на дзень. На пачатку 80-х менавіта ёй пэўны час акампанаваў гурт “Сузор’е”, пазбаўлены назвы і расфармаваны на загад партыі. Тыповы лёс эстраднай зоркі у БССР: па сканчэнні кар’еры – поўнае забыццё.
Нэлі Дзянісава 1983
Першыя хард-рок эксперыменты з жаночым вакалам. Галоўны “жаночы” голас гурта “Сузор’е” гучыць у самым смелым праекце пачатку 80-х у беларускай музыцы – рок-оперы “Песня пра зубра”, які музыкам так і не далі скончыць і паказаць публіцы. Пры канцы 80-х ансамбль вярнуў сабе назву, адабраную чыноўнікамі ад культуры, ды выдаў на “Мелодыі” кружэлку “Сентябрьская река”. У загалоўным нумары ды яшчэ трох трэках саліруе Нэлі. З распадам легендарнага ВІА спявачка яшчэ паэксперыментуе з гуртом “Zindan”, а потым стане рэгентам у царкоўным хоры. На рок-сцэну яна вернецца на адно імгненне ўжо ў сярэдзіне 2000-х, каб завяршыць няскончаную 25 гадоў таму справу – запісаць і выдаць “Песню пра зубра”.
Ларыса Сімаковіч 1986
Дзякуючы гэтай невысокай хударлявай дзяўчынцы ў вялікіх акулярах шмат хто ў дарэшты зрусіфікаваным Менску пачатку 80-х упершыню пачуў беларускую мову ды навучыўся народным спевам. Сімаковіч бралася вучыць усіх, незалежна ад узросту. Яна кіравала дзіцячым хорам беларускага радыё і ТБ, з якога паўстаў фольк-тэатр “Госціца” (1986), і стаяла ля вытокаў суполкі “Майстроўня”, у межах якой студэнцтва ды працоўная моладзь адкрывала для сябе сапраўдную Беларусь. Яна была сярод тых, хто бараніў будынак Менскага гарадскога тэатра на першым палітычным пікеце ў найноўшай беларускай гісторыі. Гэта на яе пастаноўках у філармоніі будзе граць N.R.M., ролю Багдановіча выканае Зелянкоўская, а Сымон-музыка выйдзе на сцэну ў джынсах ды зайграе на трубе.
Ліка Ялінская 1991
На пачатку 90-х увесь Саюз захапляецца прыгажосцю 20-гадовай выпускніцы Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута, новай вакалісткі ансамбля “Верасы”: пасля таго як яна становіцца першай “Міс Беларусь”, яе прызнаюць найлепшай фотамадэллю СССР (1991). Дужа папулярнымі стануць і песні ў яе выкананні, якія ў асноўным пішуць для спявачкі паэты Леанід Пранчак і Уладзімір Някляеў: “Малады ды нежанаты”, “Белае віно і чырвонае”, “Раз ды разок” ды іншыя. Ёй давяраюць спяваць узорны патрыятычны поп-гімн тых часоў, і прыгажуня Ліка пафасна і з пачуццём выводзіць: “Мы самі выбралі нялёгкі гэты шлях, узняўшы горда бел-чырвона-белы сцяг”. У 1995 годзе яна пачне сольную кар’еру шыкоўным на тыя часы кліпам “Бумажная луна”. У апошнія 11 гадоў Анжаліка выступае пад прозвішчам мужа, ад мінулага году былога.
Алеся 1993
Пасля запісу хіта “Жаўраначка” на словы Ніла Гілевіча таямніца стала яўнай – спявачка Алеся выявілася роднай дачкой Анатоля Ярмоленкі. Ані сама маладзенькая салістка “Сяброў”, ані яе вядомы на ўвесь Саюз родзіч не тое, каб хацелі афішаваць гэты факт, але шыла ў меху не схаваеш. Яшчэ раз публіка моцна здзівіцца праз доўгія гады, калі дазнаецца, што насамрэч Алесю завуць Вольгай. Што да “Жаўраначкі”, то гэтая песня застанецца візітоўкай Алесі. Яе не падмяняць ані трэш-поп “Я люблю нанайца”, ані “Птицы мое, птицы”, умомант перайменаваныя народам у “Цыцы мае, цыцы”, ані “По телеканалам” з дзічайшым радком “и в косметичке первобытнообщинный строй”.
Кася Камоцкая 1994
У Беларусі з’яўляецца першая рок-князёўна. Ад часу першай “Рок-Каранацыі” за Касяй Камоцкай, якая ў тыя часы была душой мясцовай рок-тусоўкі, гэтае званне замацуецца назаўжды, хоць потым знойдуцца ў яе пераемніцы, а праект “Новае Неба” спыніць па хуткім часе сваё існаванне. Да гэтага часу на нашай нефармальнай сцэне не было спявачкі, якая настолькі трапна фармулявала настроі актыўнай часткі грамадства. Для яе пісалі галоўныя героі культурнага падполля Глобус, Бабкоў і Анемпадыстаў, а акампанавалі знакавыя музыканты Шырын, Корань ды Вольскі з N.R.M. У такіх песнях, як “Прэзідэнт, ідзі дамоў” і “Мая краіна” Камоцкая выказалася з нагоды правядзення рэферэндуму–95.
Іна Афанасьева 1995
У беларускай поп-музыкі – новы твар. Спявачку Іну Афанасьеву, якая толькі пачала сольную кар’еру, называюць жанчынай году, відэа на яе песню “Сбудется не сбудется” ўключаюць у Браціславе у ТОР-10 кліпаў Еўропы, яна часта выступае за мяжой ды аб’язджае з канцэртамі ўсю Беларусь, не сыходзіць з экранаў беларускага і расійскага ТБ. Што цікава – стаўка ў рэпертуары па першым часе робіцца на беларускія песні – “Варажба”, “Адбалела, прайшло” і “Сарамлівая дзяўчынка”, якая выконваецца на “Песні году–1996”. Тым не менш, яе часта блытаюць з яшчэ адной зоркай белпопу – Дарафеевай. Абедзве – з Магілёва, з’яўляюцца ў адных і тых жа месцах, песні ў іх стылістычна блізкія, часта на іх працуюць адны і тыя ж песеннікі і кампазітары. Пазней ужо, за выслугу гадоў і за нібы вечную прысутнасць на сцэне адну будуць называць “Афанасьеўна”, а другую – “Дарафееўна”.
Ірына Дарафеева 1996
Узыходзіць зорка Ірыны Дарафеевай. Кар’еру на эстрадзе магілёўская спявачка пачала надзвычай рана – яшчэ пры канцы 80-х. З таго часу яе не спыніць і не стрымаць. Вось ужо два дзесяцігоддзі, як без Дарафеевай не абыходзіцца ніводнае “Маладзечна” і “Славянскі базар”, яе голас гучыць на фабрыках, заводах і ў палях падчас уборачнай кампаніі, на амбасадарскіх прыёмах і ўрадавых канцэртах. У рэпертуары ўсё, што душы заўгодна: ад гарэзлівага “Старога рок-н-ролу” на словы ўсё таго ж Някляева да класікі савецкай ваенна-патрыятычнай песні. Пік кар’еры прыпадае на 2007 год – на 30-годдзе спявачцы даюць званне “заслужанай”, у Мірскім замку праходзіць маштабная акцыя “Купалле Ірыны Дарафеевай”, куды прыязджае Лукашэнка. Кіраўнік краіны асабіста загадае зрабіць спявачку тварам сучаснай Беларусі.
Вераніка Круглова 1998
У Беларусі ў трэндзе фольк-рок, і салістка гурта “Крыві” Вераніка Круглова адна з тых, хто ўвасабляе модную тэндэнцыю ў жыццё. На сцэне яна ўжо больш за дзесяць гадоў – дагэтуль выступала на філарманічнай сцэне, грала джаз-рок у праекце “Лінда”, пачынала ў “Палацы”, але вядомасць набыла як салістка “Крыві”. Круглову называюць беларускай этна-дзівай і двойчы запар даюць званне “рок-князёўны”. Спявачка з калегамі па гурце дзейнічае смела, спалучаючы даўнія беларускія спевы з электронікай, рокам, джазам, усходняй музыкай, прыпраўляючы сцэнічную дзею шаманскімі танцамі. Яе чуллівае выкананне “За туманам” у дуэце са Змітром Вайцюшкевічам (у тыя часы яе мужам) надасць другое жыццё гэтай песеньцы і будзе асацыявацца з “Крыві” гэтак жа, як “Касіў Ясь канюшыну” – з “Песнярамі”.
Гюнеш 2003
Каларытная “беларуская дачка Усходу” нарадзілася ў Баранавічах, але мае азербайджанскае паходжанне. Яна даволі нечакана апынулася на рок-сцэне, выдатна ўпісалася ў праект “Крамбамбуля” і проста фантастычна глядзіцца ў якасці вакалісткі гурта Neuro Dubel, падпяваючы ў праграме “Танкі”. Нумар “Ayrilig”(па-беларуску “Расстанне”) у яе выкананні быў адным з самых каронных у праграме “Радыё Крамбамбуля 0,33FM”. Раман спявачкі з беларускім рокам быў бурным, але нядоўгім. Артыстка Тэатра эстрады прыслухалася да парадаў чыноўнікаў ад культуры не звязвацца з “апазіцыянерамі” ды паклала ўсе сілы на тое, каб паехаць на “Еўрабачанне”, але ў гэтай справе ёй пакуль татальна не шчасціць.
Аляксандра Кірсанава 2004
Голас дуэту “Аляксандра і Канстанцін”, студэнтка Універсітэта культуры, на пэўны час стала тварам беларускай музыкі, дзякуючы запамінальнаму вакалу, яркай знешнасці і небанальнаму рэпертуару, што базаваўся на народных спевах у сучасных аранжыроўках ды англамоўных кампазіцыях, блізкіх да еўрапопу. Пры тым, што Аляксандра магла выдаць і нешта ў духу яе любімай Шаніі Твэйн. У гісторыю спявачка разам з сваім паплечнікам, а потым і мужам Канстанцінам Драпезам, увойдзе як першая прадстаўніца Беларусі на “Еўрабачанні”, на якім, праўда, дуэту не пашанцавала. Кірсанава і Драпеза засведчаць сваю творчую грунтоўнасць, калі сыдуць з аркестра Фінберга і стануць працаваць самастойна.
Руся 2005
Жаночы беларускі рок увасабляе Руся, вакалістка гурта Indiga, што атрымаў вядомасць пасля перамогі на “Басовішчы–2003”. Яна імгненна ўлюбляе ў сябе публіку і нейкі час лічыцца сэкс-сімвалам беларускага рок-н-ролу. Спявачка публічна падтрымлівае сэксуальныя меншасці, здымаецца аголенай ды няспынна шукае выхаду эмоцый у музычных эксперыментах, то з аўстрыйскім ды-джэем, то з лідарам “Крамы” Варашкевічам. Пасля разгону намётавага мястэчка на Кастрычніцкай Руся расчаруецца ў чароўнай сіле рок-музыкі ды сыдзе ў этна. Нягледзячы на практычную адсутнасць эфіраў на ТБ, хітоў, кліпаў і досыць рэдкія публічныя выступы, яна застаецца адной з самых пазнавальных спявачак на беларускай сцэне пачатку XXI ст. Апошнія гады менавіта яе голасам робяцца абвесткі ў грамадскім транспарце.
Ганна Хітрык 2006
Як снежны ком расце папулярнасць гурта “Дзецідзяцей”, дзе пяе маладая і таленавітая акторка Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык, якая можа на сцэне і павыдурняцца па-дзіцячы, і слязу выбіць душараздзіральнымі баладамі. Асаблівы шык – песня “Гімн моладзі”, напісаная нібы ад імя пакалення. Падчас яе выканання прыхільнікі перадаюць з рук у рукі сцяг каманды. Пачаўшы з кватэрнікаў і невялічкіх канцэртаў-капуснікаў, “Дзецідзяцей” вельмі хутка стануць адной з самых запатрабаваных беларускіх каманд, якая нязменна збірае аншлагі на сваіх сольных канцэртах. Падчас аднаго з іх Хітрык з калегамі не сыходзіць са сцэны пяць гадзін запар, спеўшы такім чынам за адзін вечар 67 песень.
Вольга Самусік 2007
Журналістка “Музыкальной газеты” нечакана выйшла на сцэну ў якасці рок-вакалісткі. Спачатку яна стала голасам культавага гурта Zygimont Vaza, потым замяніла Свету Сугаку ў камандзе “Тарпач”. Стварыўшы на сцэне агрэсіўны запамінальны вобраз “рокавай дзяўчыны” яна скарае журы фэсту “Рок-Кола”, атрымлівае тытул “Рок-князёўны”, пяе дуэтам з Кулінковічам ды ўдзельнічае ў навагоднім праекце Вольскага “Такога няма нідзе”. Пасля сыходу з “Тарпача” Вольга працуе з гуртом Hasta La Fillsta ды задумваецца пра сольны праект, але раптоўна за месяц да свайго 26-годдзя сыходзіць у іншы свет.
Бенька 2009
Трыумф кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба” на чале з “неверагоднай Бенькай”, так называюць рэжысёрку лялечнага тэатра і паэтку Святлану Бень-Залескую, якая гарманічна ўжываецца ў вобраз салісткі вандроўнага гурта нібы што з французскай правінцыі і выдатна спраўляецца з функцыяй шоў-мэна, выкарыстоўваючы на сцэне акром уласна музычных інструментаў яшчэ дзве валізкі розных рэквізітаў – ад карункавай бялізны да цыркавога рыштунку. Шоў Бенькі з кампаніяй запатрабавана паўсюль – ад Грушаўскага фестывалю і “Славянскага базару” да рокавых і джазавых фэстаў, і па выніку “Серебряную свадьбу” называюць разам з “Ляпісам Трубяцкім” самым вядомым беларускім калектывам на постсавецкай прасторы.
Наста Шпакоўская 2010
На першыя ролі ў беларускай рок-музыцы выходзіць Наста Шпакоўская, па сумяшчальніцтве акторка нацыянальнага драмтэатра. Яна вызначаецца эмацыйнасцю ў вакале і рашучасцю ва ўчынках. Наста абвяшчае байкот рэкорд-лэйблам, з нагоды эканамічнага крызісу пяе разам з “Барто” скандальную “Скоро всё ё..нется”, бароніць ад выключэння з ВНУ свайго гітарыста, затрыманага на апазіцыйнай акцыі, становіцца на абарону касцёла Святога Язэпа, прысвячае песні ўсім, хто змагаецца за праўду і не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Кот-д’Івуары, Тунісе і Егіпце. Хітом становіцца песня “Бяжы”, а самой Насце даюць тытул “рок-князёўны”.
Паліна Рэспубліка 2012
Беларускай музыцы проста неабходна на некага спадзявацца. 17-гадовая на той час пераможца “Бардаўскай восені” дала ўсе падставы журналістам назваць яе адкрыццём і галоўным дэбютам на нашай сцэне. Дзяўчына падмацавала гэтую думку паспяховымі сольнымі выступамі. Асаблівы фурор выклікала канцэртнае відэа песні “Як ты”, сыгранай на канцэрце праекту “Тузін.Unplugged”, якое ў першыя дні набрала больш за тысячу праглядаў. Імправізацыя ў стылі рок з гуртом Hasta la Fillsta плёну не прынесла, і спявачка спынілася на акустычным варыянце, з гітарай ды віяланчэллю. А тое, што Паліна альбому не мае, дык гэта нічога: “Серебряная свадьба” свой першы студыйнік выдала праз шэсць гадоў пасля свайго з’яўлення.
Вядома, гэты спіс можна доўжыць. На зломе стагоддзяў у Беларусі з’явілася нямала таленавітых спявачак. У аўтарскай музыцы гэта Алена Казанцава, Вольга Залеская і Тацяна Беланогая, якія вяртаюць інтарэс да свайго жанру. У цяжкім року ўжо ў новым стагоддзі адзначыліся вакалісткі Зоя Каральчук (Сахончык), Света Сугака і Наста Паламар, вакальным здольнасцям якіх можа пазайздросціць кожны прыхільнік брутальнай музыкі. Да гэтых дзяўчын так на беларускай сцэне яшчэ не спявалі. Нямала яркіх вакалістак і асобаў у этна-музыцы. Згадаць хаця б Машу Яр, Ірэну Катвіцкую і Насту Някрасаву. Вялікае бачна на адлегласці, таму цалкам верагодна, што гэты спіс можна без цяжкасці падоўжыць у будучыні.
Пры падрыхтоўцы скарыстаная інфармацыя з кнігаў “Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі”, “Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу”, “Гісторыя беларускай музычнай культуры XIX – XX ст.”, “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду”, а таксама з перыядычнага друку.
Фота: з архіву Віктара Сямашкі, Змітра Падбярэзскага, Сяргея Будкіна і парталу “Тузін Гітоў”, “Музыкальной газеты”, газеты “Культура”, а таксама з сайтаў http://festival.vitebsk.by, http://www.kp.by/, http://old.nlb.by, http://www.pesnyary.com, http://www.svaboda.org/, http://www.alesya.by/
Аўдыё: з архіву парталу Tuzin.fm і блогу Якава Навуменкі
Аўтар: Cяргей Будкін