Разное

« Назад

Чацвёрты AD.NAK!: адзначылі выключных (фотасправаздача)

ў 27 чэрвеня ўвайшло ў гісторыю беларускай рэкламы, як выключны дзень. У міжнародным адукацыйным цэнтры прайшоў чацверты фестываль AD.NAK! Журы фестываля разгледзіла 314 працаў ад 105 удзельнікаў і назвала лепшых у 17 намінацыях.

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! развіваецца з кожным годам. Падвышаецца і яго грамадская значнасць. На гэта ў першую чаргу звяртаюць увагу арганізатары з кампаніі “Будзьма беларусамі!” і сеціўнага рэсурса Marketing.By. “Беларускамоўнасць цяпер у трэндзе, у тым ліку і ў рэкламным сегменце”, – канстатуе каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская і ў доказ прыводзіць такія лічбы сацыялагічнага апытання. Калі чатыры гады таму 37% апытаных лічылі, што рэклама павінна быць па-беларуску, то паводле апошніх звестак гэтая лічба ўзрасла да 55%. Сёлета на фэст свае працы заявілі яшчэ больш прафесіяналаў, пашыралася адукацыйная праграма, у якой узяў удзел важны госць з Японіі Канта Сімідзу. Замежны рэкламіст, уладальнік залатога Канскага льва, намагаўся не прапускаць ніводнай падзеі фестываля. “Калі я прыехаў у Беларусь, то не ведаў пра яе зусім нічога, але за гэты тры дні, што я тут, паспрабаваў бліжэй пазнаёміцца з невядомай мне культурай і шмат чым натхніўся. Як вярнуся, ствару працу паводле сваіх уражанняў”, – абяцае сп.Сімідзу.

Усяго журы разгледзіла 314 працаў ад 105 удзельнікаў і назвала самых адметных і крэатыўных. Вынікі абвесцілі на ўрачыстай цырымоніі з жыццярадасным канферэнсам ад Ганны Хітрык і Паўла Харланчука. Госці фестываля ледзве змясціліся ў вялікай залі міжнароднага цэнтру. Праўда што неўзабаве разбегліся, таму дагукацца лаўрэата на сцэну было праблематычна – далёка не кожная ўзнагарода знаходзіла свайго героя, так што вядучыя радаваліся як дзеці выхаду на сцэну кожнага абвешчанага намінанта. У калідоры можна было паглядзець выставу з абраных працаў удзельнікаў фестываля на стэндах ды экранах, ва ўнутраным дворыку паназіраць за трансляцыяй ды пагуляць у “трэндавыя гульні”. Лепшыя працы вызначалі ажно ў 17 намінацыях, так што дзея цягнулася ля пяці гадзінаў.

Сапраўдны трыюмф на прэміі чакаў дызайнера Волю Кузьміч з Generation.by, якая атрымала ажно восем дыпломаў, у тым ліку тры першых месца за паштоўкі “Не быць скотам! А быць з котам”, праект “Назірай, каб быць у курсе” і серыю малюнкаў “Як чуецца, так і пішацца”. Да ўсяго Воля была адзначана спецпрызам Кіеўскага міжнароднага фестываля. Журы судзіла жорстка – у шмат якіх намінацыях не было названа пераможцаў, а Гран-Пры ўручылі толькі па двух намінацыях – “ПАН-студыі” за відэапраект “Край.BY” (СМІ альбо медыя-праекты) і “Шляхетная парцаляна ручнога вырабу KARALI” (Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект). Адзін з арганізатараў фестываля Сяргей Скараход з гэтай нагоды зазначае, што журы кіравалася тымі крэтарамі, якімі карыстаюцца на іншых паважаных фестывалях за мяжой, таму адбор быў вельмі суворы: “Тое, што праект зроблены па-беларуску зусім не азначае, што ён трапіць у лік пераможцаў ці нават у шорт-ліст. Мусіць быць цікавае вырашэнне, інавацыя і нешта такое, што зачэпіць. Планка была пастаўлена высока і тут нічога не паробіш – умовы і ўзровень рэалізацыі дыктуе сучасны рынак”. Тым не менш, чацвёрты AD.NAK! яго арганізатары лічаць найбольш паспяховым. Хоць заяваў сёлета прыйшло трохі меней, чым летась, затое сярод іх было больш буйных гульцоў на рынку рэкламы. Калі раней пераважалі фрылансеры і аматары, то сёлета ў лік лаўрэатаў траплялі буйныя агенцтвы, таму статус фестываля расце і яго завадатары на слушным шляху.

“Фестываль AD.NAK! дазваляе нам зразумець, што адбываецца з камунакацыяй на нашай роднай мове, таму нам усім важна, каб адбыўся і пяты, і шосты, і дзевяты фэст”, - зазначае адзін з сябраў журы Захар Шлімакоў. У будучыні арганізатары мяркуюць яшчэ болей пашыраць геаграфію фестываля, у тым ліку запрашаць на адукацыйную праграму беларускіх адмыслоўцаў у сферы рэкламы і камунікацыі, якія цяпер працуюць за мяжой. Цікава, што сёлета ў конкурсе акрамя беларускіх рэкламістаў бралі ўдзел літоўскія. Яшчэ адзін сябра журы Алег Бесараб выказаў пажаданне, каб на фестываль заяўлялася паболей менавіта беларускіх кампаній, а не замежных. Арганізатары AD.NAK! спадзяюцца, што пасля чацвертага фэста аксіёму “калі ты беларускаарыентаваны, значыць ты ў трэндзе” пачуе яшчэ больш мясцовых гульцоў. Тады можа ў перспектыве і давядзецца адмяніць жартаўлівую намінацыю, а дакладней антыпрэмію “Каша сувораўская” за самую недарэчную рэкламу (сёлета адзначылі транспартную кампанію “Западная губернія”).

Аўтар: Мікалай Дубавіцкі

Фота: Аляксандр Ждановіч

budzma.org

« Назад

Soundэфир


Сделаем чудо вместе!

Рассылка

Здесь можно подписаться на рассылку «новостей из сундука»:
Ваш e-mail