«Харланчук — адзін у адзін Клуні»: «Неверагодны містэр Фокс» выйшаў па-беларуску
На DVD выйшла беларускамоўная версія мультфільма Уэса Андэрсана «Неверагодны містэр Фокс» — стужкі пра сямейныя каштоўнасці з немэйнстрымавай падачай і якасным гумарам. «Наша Ніва» паразмаўляла з Андрэем Кімам з суполкі «Рухавік» пра тое, чым беларуская версія лепшая за расійскую і чым Павел Харланчук падобны да Джорджа Клуні.
«Наша Ніва»: Чаму менавіта «Неверагодны містэр Фокс»?
Андрэй Кім: Гэты «непапулярны» мультфільм рэжысёра Уэса Андэрсана прайшоў у Беларусі і Расіі амаль незаўважна. Чаму? Таму што гэта не мэйнстрым, а хутчэй нешта кшталту арт-хаўса. У Андэрсана ёсць свой адметны стыль, да таго ж ён не такі раскручаны, як рэжысёры, якія працуюць са студыямі «Піксар» і «Дыснэй». Калі мы паглядзелі гэты мульт, то прыйшлі ў захапленне.
Трэйлер «Неверагоднага містэра Фокса»
НН: Хто агучвае ролі?
АК: У арыгінале — Джордж Клуні, Мэрыл Стрып і Біл Мюрэй. У нас працавалі найвыдатнейшыя акцёры Беларусі: Павел Харланчук, Ганна Хітрык і Уладзімір Глотаў. Дарэчы, мы зрабілі ўсё, каб беларускі пераклад выйшаў лепшы за расейскі. Напрыклад, Павел Харланчук вельмі падобны тэмбрам голаса да Джорджа Клуні, выдатна змог агучыць ліса.
Як агучвалі «Містэра Фокса»
НН: Над чым працуеце цяпер?
АК: У нас зараз перакладзена тры фільмы — апроч «Містэра Фокса», гэта ваенная драма Дэвіда Л. Канінгама «Каб скончыць войны» і «Нябачны бок» Джона Лі Хэнкака. Усе трэйлеры можна пабачыць на сайце movakino.com . Мы імкнемся паказваць людзям фільмы, якія любім, і тыя фільмы, якія не выходзілі па-расейску. Цяпер думаем над перакладамі класікі — «Бэн Гур» і «Дванаццаць раз’юшаных мужчын».
НН: Ці выйдзе «Містэр Фокс» на DVD?
АК: Так, фільм ужо ў продажы — набыць яго можна ў кнігарні «логвінаЎ» і ў незалежных распаўсюднікаў.
Як фільм агучвалі па-беларуску
Аўтар: Юрась Ускоў