Вольскі запрасіў гасцей пад «Белую яблыню грому»
16 снежня ў канцэртнай залі «Мінск» адбыўся вялікі канцэрт Лявона Вольскага і «Крамбамбулі». У першым аддзяленні Лявон прадставіў кружэлку «Белая яблыня грому», прэзентацыя якой прайшла ў сакавіку ў Купалаўскім тэатры з поўным аншлагам. Тым, хто быў на першым канцэрце, цікава было і на гэты раз: Вольскі прадставіў дзве новыя песні, якія не ўвайшлі ў першапачатковае выданне альбома, - на вершы У.Караткевіча і А.Сыса.
У другім аддзяленні быў прэзентаваны новы альбом «Крамбамбулі», выданне якога хутка чакаецца, а таксама некалькі дуэтаў. Са Зміцерам Вайцюшкевічам, які паспеў нават пасваволіць на сцэне, Вольскі праспяваў «Я нарадзіўся тут», а з Уладзімірам Пугачам – кампазіцыю свайго праекта «Такога няма нідзе», пасля чаго атрымаў у падарунак выбарчы кодэкс (Лявон Вольскі рыхтаваўся быць назіральнікам на выбарах, якія меліся адбыцца праз тры дні). З Аляксандрам Памідоравым Лявон вельмі ўдала парэпаваў, а з Ганнай Хітрык, якая знаходзіцца ў «цікавым» стане, выканаў моцную і шчымлівую песню «Спадзяюся і веру», пасля чаго праанансаваў хуткі канцэрт, які Ганна дасць у складзе гурта «S°unduk».
Фінал вечара быў феерычны: на сцэну выскачылі ўсе выступоўцы, у залі танцавалі і скакалі і не хацелі адпускаць гурт са сцэны. «Трэба будзе трохі працягнуць канцэрт», - зазначыў Вольскі і пасля настойлівых выклікаў на біс «Крамбамбуля» хорам з залай выканала кампазіцыю «Госці».
Фото: Юра Сідун