S°unduk: «Вясна любіць сьмелых!» (відэа)
Ганна Хітрык разам з сваімі калегамі з гурта S°unduk прадставіла на канцэрце 1 сакавіка ў малой залі КЗ «Мінск» некалькі новых песень. Сярод іх — «Вясна», першая беларускамоўная песьня праекту. Яе музыкі вырашылі выканаць на самым пачатку канцэрту. Прэм’ера канцэртнага відэа на Tuzin.FM.
У рэпэртуары Ганны Хітрык заўжды былі беларускамоўныя песьні. Яе першы гурт «Дзецідзяцей» у пэўны момант нават цалкам беларусізаваўся, калі запісаў альбом «Рух», складзены цалкам з твораў на роднай мове. Але сыгралі гэтую праграму музыкі хіба аднойчы. Нечакана для сваіх прыхільнікаў яны заявілі пра спыненьне дзейнасьці каманды.
Новы гурт на чале з Ганнай Хітрык S°unduk ужо запісаў два альбомы. Як прызнаецца Ганна, яе саму бянтэжыла думка, што па-беларуску ня пішацца. Але сёлета халодным зімовым днём паўстала «Вясна». Музыкі досыць хутка адрэпэтавалі яе ды выканалі ўпершыню на канцэрце 1 сакавіка ў малой залі КЗ «Мінск»: «Песьня напісалася вельмі проста і хутка, бо вельмі хацелася прыходу гэтай вясны. І пляваць, што сьнег у першы вясновы дзень яшчэ ляжаў. Галоўнае, наша адчуваньне», — сказала Ганна. На канцэрце яна пахвалілася, што ўжо хадзіла карміць качак ды зазначыла, што вясной пэўна ў кожнай дзяўчыны «ўнутры прачынаецца прыгажуня»: «Яна глядзіць на кеды, што ляжаць у куце, і радуецца таму, што хутка іх апране».
Прэм’ера канцэртнага відэа песьні «Вясна» на Tuzin.FM:
Вiдэо: Яўген Шапчыц