Пресса

« Назад

Ганна Хітрык: «Музыкантам і сьпявачкай сябе не лічу» (+відэа)

Акторка і лідэр гурта S°unduk Ганна Хітрык распавяла ў вялікім інтэрвію, чаму пачала музычную кар’еру і чаму пасьля кожнага канцэрту яе апаноўвае жах, ды паспрабавала патлумачаць адрозьненьне сваёй цяперашняй групы ад папярэдняй: "Я не зьбіраюся выпендрывацца ды казаць, што буду пісаць песьні, зусім не падобныя да "Дзецідзяцей"".

Дэкрэтны адпачынак яўна прыдуманы не для Ганны. Найперш таму, што грошы маладым маці налічваюцца мізэрныя. А па-другое, ёй зусім не сядзіцца ў хаце, натура такая. Праз пару месяцаў пасьля нараджэньня дзіцёнка яна ўжо вярнулася ў Купалаўскі. Спачатку ў "Пінскую шляхту", а паступова ізноў увайшла і ў іншыя ролі. Кажа, што некаторыя спэктаклі сканчаюцца даволі позна, так што ейнаму гадаваламу сыну Сьцёпіку ня вельмі зручна. Але кіраўніцтва тэатру ідзе насустрач і ад удзелу ў некаторых пастаноўках яе вызваляе. З музыкай у Ганны тое самае – неўзабаве пасьля нараджэньня сына, яна аднавіла рэпэтыцыі, працу ў студыі і канцэртную дзейнасьць. Пры гэтым Сьцёпа не застаецца без матчынай увагі.

– Ганна, ты пачала музычную кар’еру, калі ўжо было вядомай акторкай. Табе чагосьці не ставала?

– Нечага тады ў тэатры сапраўды не хапала. Мы тады хапаліся за ўсё, бо няма такога, што як толькі ты пачынаеш граць у тэатры, табе адразу даюць дваццаць ролей. Але па вялікім рахунку, мне заўжды ўсяго мала. І цяпер мне ўсяго мала! Мы стварылі "Дзецідзяцей" у грымёрках і ставіліся да нашага праекту ня вельмі сур’ёзна. Ня тое, што да самой задумы, а з музычнага гледзішча. Не лічылі сябе музыкамі і сьпевакамі, проста хацелася ладзіць вечарыны для сваіх. Першы канцэрт мы хацелі сыграць з вольным уваходам. Але ж арэнду за так ніхто не дасьць, таму давялося рабіць квіткі. Гэта была малая заля КЗ "Мінск". На дзіва быў аншляг, потым яшчэ разок і яшчэ… І мы вырашылі, што мы ўжо музыка-а-а-а-нты.

Детидетей "Не надо"

– Дык а памятаеш, калі прыйшло адчуваньне, што музыка – гэта для вас ужо сур’ёзна?

– Мусіць гэта было на "Рок-каранацыі-2007". Нас тады паклікалі там выступіць, а мы нават і не спадзяваліся нешта атрымаць. Думалі: вось мы ўдзельнічаем у нейкай намінацыі, перамогу мы, канечне, не атрымаем, бо яе возьме нехта іншы, паколькі мы ж несапраўдныя музыканты. А тут раптам нас прызналі "адкрыцьцём году". Было прыемна… Праўда і дагэтуль я дык дакладна музыкантам і сьпявачкай сябе не лічу. Проста падабаецца мне гэтая справа і ўсё тут.

– Розьніца між выступам у тэатры і на канцэрце для цябе вялікая?

– Так, вядома, розніца істотная. Вось я ведаю, што хутка будзе канцэрт і кожны дзень жудасна хвалююся з гэтай нагоды. Выдумляю спачатку адзін варыянт, як яго пачаць, правесьці, скончыць, якую песьню ў сярэдзіну паставіць, а якую выканаць пры канцы, а потым перадумваю па-іншаму. І так пачынаецца яшчэ задоўга да выступу. Пераймаюся наконт новых песень, на якой мове яны пішуцца і чаму ня пішуцца на такой мове… Асобна я хвалююся наконт таго, што ніхто ня прыйдзе, гледачоў будзе мала ці наогул нікога, бо яно патрэбна толькі мне і больш нікому… Карацей, гэта проста жах! Мне вось муж Сяргей кажа, што з сваёй групай я зусім звар’яцею… А ў тэатры я таксама хвалююся, за сваю ролю, як прыме глядач. Але там я дакладна ведаю задачу рэжысэра і зусім не паруся, ці прыйдуць людзі, бо на прэм’еры заўжды будзе поўная заля.

– Гэта значыць, што ты хвалюесься заўжды, але ў адносінах да канцэртаў гэтае хваляваньне большага маштабу?

– Так, за кожную песеньку хвалююся. А яшчэ пасьля канцэрту за кожны водгук ты яшчэ хвалюешся, калі чытаеш: што спадабалася-не спадабалася. Пішуць: здаецца, яна хлусіць, яна акторка тэатральная, а ім лёгка апранаць усялякія масачкі. А ты гэта ўсё як дура чытаеш, а муж крычыць, што наогул адключыць інтэрнэт, бо гэта ўжо немагчыма. А я перажываю, бо надта блізка прымаю ўсё да сэрца.

Sounduk "Сундук" (live)

– Мінула ўжо паўтары гады з таго часу, як "Дзецідзяцей" ня граюць. Можа цяпер ты можаш назваць галоўную прычыну спыненьня дзейнасьці?

– Тут не адкажу, бо прычына знаходзіцца ў плыні чалавечых адносінаў, а іх няма чаго абмяркоўваць, колькі б часу не прайшло. Гэта было і было, я вельмі рада таму, што яно было. І мне вельмі падабаюцца песьні таго часу. Багата ёсьць чаго ўзгадаць добрага. Старыя фотаздымкі я не палю. Ды і з хлопцамі мы працягваем разам працаваць у тэатры.

– Ці сочыш ты за музычнай дзейнасьцю Міхася Зуя і Зьмітра Ясяневіча?

– Я ж іх не ненавіджу і не жадаю нічога кепскага, хоць мы не сябруем ужо. У нас працягвае працаваць сайт "Дзецідзяцей", там ёсьць спасылачкі на тое, што робяць ili-ili . Гэта нармальна цікавіцца тым, што яны робяць цяпер. Бачыла два кліпы, паслухала іх сынгл. Некаторыя песьні мне спадабаліся. Мяркую, што ім мой "Том першы" таксама наўрад ці спадабаўся цалкам.

– Можаш патлумачыць, чым прынцыпова адрозьніваецца S°unduk ад "Дзецідзяцей"?

– Музыку і словы да песень "Дзецідзяцей" пісалі тры чалавекі: я, Сеня, Міша. Цяпер музыку мы ствараем разам з усім гуртом, астатняе пішу я. Мусіць камусьці не хапае цяпер у маіх песьнях Сені ды Мішы. Дагэтуль не разгадала, чым бралі "Дзецідзяцей". Дзяўчыны, напрыклад, пісалі, што былі закаханыя ў Мішу Зуя, таму і хадзілі на нашы канцэрты, дапусьцім. Некаму падабалася, як мы між сабой размаўлялі, такое часта пісалі ў водгуках. Хтосьці проста любіў нашы песьні і ня браўся ўлазіць у абмеркаваньне, хто вінаваты ў распадзе гурта, і працягвае хадзіць ужо на "Сундук". Ёсьць меркаваньні, што наогул нічога не зьмянілася, проста не пяюцца некаторыя песьні… Шмат меркаваньняў выказваюць людзі. Такое было і за часам "Дзецідзяцей", ёсьць і цяпер, калі пішуць пра "Сундук"… А я не зьбіраюся выпендрывацца ды казаць, што буду пісаць песьні, зусім не падобныя да "Дзецідзяцей". Мы тады гуляліся з рознымі накірункамі, і цяпер гуляемся, фольк-ноты нейкія ўстаўляем. І там былі песьні па-беларуску, і тут будуць.

Sounduk "Предпочтения" (live)

– Але ж у "Сундука" ўсе два альбомы расейскамоўныя.

– А вось якраз на канцэрце 1 сакавіка будзе прэм’ера нашай першай беларускамоўнай песьні. Яна завецца "Вясна". Бо я ўжо не магу, вельмі яе чакаю, таму і напісала. І ў першы дзень вясны яе выканаем.

– Ты задаволілася тым, чаго дасягнула на гэты момант у музыцы?

– Канечне не. Гэта вельмі жахлівае адчуваньне, калі адыграеш канцэрт і прыходзіць такая эйфарыя. А потым вяртаешся дамоў, пачынаеш згадваць, як усё было, што было ўдала, а што ня вельмі. На другі дзень ты чытаеш водгукі, на трэці таксама яшчэ нехта нешта напіша. А потым ты пачынаеш разумець, што наступны канцэрт будзе як мінімум праз два месяцы. І гэта час такой пустэчы, такой цішыні, такога жаху… Лёгка сказаць – зрабі канцэрт у Горадні, недзе яшчэ там. Але я ня маю такога дара ўсіх зьбіраць і ўсё вырашаць. Аніякага дырэктара і адміністратара ў нас няма. Ледзьве прыдумваю, як гэта зрабіць у Менску. Раз на паўгады можа яшчэ ў Маскву зьездзім. Карацей, было бы сьмешна казаць, што я гэтым задаволена.

– Чым будзе адметны канцэрт 1 сакавіка?

– Гэты канцэрт для нас асаблівы, бо пасьля яго мы выпраўляем нашу Юлечку Глушыцкую ў працяглы адпачынак – да мужа, у Маскву, яны чакаюць папаўненьня. А самі будзем рыхтаваць новы альбом. Таму ў такім складзе мусіць апошні канцэрт у сэзоне ў нас будзе. Будзем сустракаць вясну!

experty.by

« Назад

Soundэфир


Сделаем чудо вместе!

Рассылка

Здесь можно подписаться на рассылку «новостей из сундука»:
Ваш e-mail