Пресса

« Назад

Ганна Хітрык: «Вясна любіць смелых!»

Музыкі з гурта «Сундук» далі аншлагавы канцэрт на знакавай для сябе пляцоўцы – у малой залі КЗ «Мінск», дзе сыгралі свае лепшыя песні ды развіталіся на час з віаланчэлісткай Юліяй Глушыцкай. Ганна Хітрык у гэты вечар падрыхтавала нямала сюрпрызаў, сярод якіх была песня з прыпевам «Вясна любіць смелых».

Апладзіраваць Ганне Хітрык пачалі яшчэ да пачатку канцэрту. Спявачка раз-пораз перамяшчалася праз сцэну, а ўсе думалі, што яна ўжо выходзіць да мікрафону. Урэшце так і выйшла. Першай песняй яна выканала новую беларускамоўную «Вясну» . «Так чакала вясны, нават качак пайшла ўжо карміць, пляваць мне, што снег ляжыць навокал, – распавяла Ганна перадгісторыю, – Напэўна ў гэтую пару году ў кожнай дзяўчыны прачынаецца прыгажуня. І яна глядзіць на кеды і думае, што хутка іх апране».

Канцэрт «Сундука» больш нагадваў сустрэчу сяброў. Ганна кожны новы твор суправаджала пэўнай прадмовай-гісторыяй. Песню «Герой», якую звычайна яна прысвячала свайму сыну Сцяпану, гэтым разам яна адрасавала ўсім «дзецям Сундука», бо нядаўна віншавалі з нараджэннем дзіця гітарыста Паўла Трыцяка, цяпер віншуюць басіста Паўла Чымбаевіча, хутка чакаецца папаўненне ў віаланчэлісткі Юліі Глушыцкай. Дарэчы, гэтым выступам «сундукоўцы» ладзілі Юліі своасаблівыя провады. Яна на пэўны час выпраўляецца да мужа ў Маскву і пакідае гурт на нейкі тэрмін. Таму да яе была асаблівая ўвага. Напрыклад, апошнюю песню на «біс», яе любімую «Там», музыкі якраз прысвяцілі ёй.

Трэк-ліст канцэрту ў гэты вечар быў не зусім звычайным. Ганна гэта патлумачыла тым, што яны вырашылі выканаць тыя песні, па якім асабліва засумаваліся і папрасіла прабачэння, калі нехта не пачуе нешта з чаканага. Усё ж канцэрт праходзіў на знакавай для яе пляцоўцы – тут давалі першыя канцэрты і «Дзеці дзяцей» і «Сундук». На кожную вясёлую кампазіцыю прыходзілася як мінімум дзве сумныя, за што Хітрык таксама выбачалася: маўляў, даруйце, доўга радавацца не магу. Затое павесяліла публіку, калі апранула касцюм вусеня ды заявіла, што менавіта «Сундук» перамог у адборы на «Еўрабачанне», а не ніякія там Ланская ці «Лайтсаунд».

Адзін з кранальных момантаў гэтага вечара, калі на просьбу Ганны, практычна ўсе гледачы зрабілі «тульпанавую паляну», узняўшы загадзя зробленыя папяровыя кветкі і тым самым ажывілі яе дзіцячы ўспамін пра паездку на Поўдзень «на «Запарожцы» ці то «Москвіче». А найбольш кранальны быў зусім не падрыхтаваны і не прыдуманы дзіцячы карагод, калі падчас «бісу» выбеглі на сцэну дзеткі ды пачалі гуляцца.

  

Автор: Мікалай Дубавіцкі
Фото: Аляксандр Ждановіч

budzma.org

« Назад

Soundэфир


Сделаем чудо вместе!

Рассылка

Здесь можно подписаться на рассылку «новостей из сундука»:
Ваш e-mail