S°unduk развітаўся на лета (фотарэпартаж)
Гурт S°unduk на чале з Ганнай Хітрык даў вялікі канцэрт у клубным фармаце з удзелам струннага квартэта. Як заявіла спявачка, гэтым выступам яны развітваюцца з прыхільнікамі на лета.
Першымі на сцэну Jack Club выйшаў зусім не S°unduk, а дзяўчаты са струннага квартэта Blunsh, якія ў час з’яўлення музыкаў гралі мелодыі з песняў гуртоў Abba і Depeche Mode, што паступова зліліся ў адзін твор – пра дзіўны сундук, які напісала ўжо сама Ганна Хітрык. Спявачка патлумачыла, што канцэрт гэты яны вырашылі зрабіць невыпадкова, а з годнай мэтай: “Каб людзі растрэсліся перад летам ды патанчылі”. Праўда, музыкі зайгралі пры гэтым даўнюю песню “Шепотом”, яшчэ з часоў гурта “Дзецідзяцей”. Дзяўчаты з Blunsh былі пакліканыя, відаць, каб часова замяніць віяланчэлістку гурта Юлію Глушыцкую.
Безумоўна, па добрай традыцыі Хітрык практычна кожную песню камусьці прысвячала. “Героя”, напрыклад, – свайму сыну Сцёпу, “Предпочтения” – усім дзяўчатам. Між песнямі Ганна згадала пра тое, што кожнаму прысутнаму далі на ўваходзе кулёк з пазнакай “сакрэцік”, і параіла змесціва таго кулька закапаць у зямлю, каб мець адчуванне, што ў цябе недзе схавана нешта патаемнае.
Вядома ж, на свой канцэрт музыкі падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў для гледачоў. Праўда, адзін з іх не атрымаўся. Як патлумачыла Ганна, падчас выканання песні пра Слана гітарыст каманды Павел Траццяк меў апрануць модны і стыльны прадмет, які, аднак, нехта скраў на папярэднім канцэрце ў Віцебску. Але падчас яе выканання гітарыст і так захаваў непаўторнасць, якая абяцалася спачатку. А вось песня з пераапрананнем пра вусеня, які марыць стаць матыльком, “адбылася” – адпаведны касцюм у Ганны ніхто не рызыкнуў красці. Сам твор быў прысвечаны будучаму фестывалю “Еўрабачанне”, а таму прадстаўлены з пафасам як “Butterfly”.
У час канцэрту Ганна Хітрык таксама зладзіла розыгрыш падарункаў, прычым гэта былі як торбачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, так і пласцінкі ад камароў. Выявілася, што гэтым канцэртам гурт развітваецца са слухачамі на лета. Спявачка нават выканала “Изгиб гитары желтой”, заявіўшы, што гэта таксама яе песня, напісаная яшчэ да нараджэння. Усім прысутным Ганна пажадала прыемных падарожжаў у гэты час ды выканала адпаведны твор з рэпертуару “Дзецідзяцей”, які так і завецца – “Падарожжа”. “Я ў захапленні, – дзялілася яна эмоцыямі пасля таго як праспявала. – У мяне адчуванне, што вы спяваеце замест мяне!” Пад канец Ганна сказала, што ў яе гурта самы прыемны ды ўдзячны слухач, і падзякавала ўсім, што не елі, гледзячы на сцэну.
Аўтар: Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч