Сяргей Будкін: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2012 год (+аўдыё)
Штатны эксперт і сябра "вялікага журы". Рэдактар парталу "Тузін Гітоў" (ад 2003), музычны аглядальнік газеты "Наша ніва" (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на радыё. Рэдактар і суаўтар кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (2004), прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007), аўтар ідэі і прадусар праектаў "Тузін.Перазагрузка" (2009, 2011), арганізатар канцэртаў "Тузін.Unplugged"/"Жывы Тузін" (з 2011).
Галоўная выснова па выніках году: беларуская незалежная сцэна разьвіваецца. Разьвіваецца не дзякуючы чамусьці, а хутчэй насуперак зусім неспрыяльным умовам, у якія пастаўлены творца ў нашай краіне. Значная частка прадстаўнікоў гэтай дзесяткі наогул выпадае з тутэйшай інфармацыйнай прасторы. Каб пра іх дазнаццца, недастаткова проста ўключыць радыё альбо тэлевізар. Песьні нашых думаючых артыстаў зь неахвотай бяруць на радыё, у іх няма выхаду на тутэйшае ціві, а магчымасьць паказацца на публіцы абмежаванае праз мізэрную колькасьць канцэртных пляцовак. Каб пра іх пачуць, трэба спэцыяльна цікавіцца тэмай. І той, хто адкрые для сябе ўсё багацьце беларускай музыкі, не пашкадуе. 2012 год быў сапраўды багаты на вартыя рэлізы, якія нерэальна ўціснуць у топ-10, але такія правілы гульні. З тых, хто застаўся па-за межамі гэтага рэйтынгу, асабліва вылучу Сяргея Пукста, гурты Morfe, Shaman Jungle i ili-ili.
1. Akute "Не існуе" – слухаць
Тое, што Akute будзе нават не зьявай, а зьявішчай на беларускай сцэне, стала ясна, як толькі музыкі запісалі сваю першую песьню "Адзіноцтва", якая потым увойдзе ў выдатны дыск "Дзевачкі і космас". Можна дыскутаваць на тэму – ці слабейшым за дэбютнік атрымаўся другі рэліз "Не існуе", але факт у тым, што ён падараваў нямала яркіх нумароў і толькі падмацаваў вядомасьць магілёўцаў.
2. Людзі на балоце "Людзі на балоце" – слухаць
Вышэйшы бал ад мяне гэтая зусім небездакорная з музычнага гледзішча праца атрымала за сваю ідэйную цэльнасьць, магутны пасыл і проста надзвычайную шчырасьць ды эмацыйнасьць. Бывае так, што матэрыял кранае ў незалежнасьці ад ступені валоданьня музыкамі інструмэнтамі, веданьнем нотаў, слушнага інтанаваньня і г.д. "Людзі на балоце" улюбляюць у свае песьні тых, хто хаця б прыблізна ўяўляе, пра што ў іх вядзецца.
3. Палац "Кола грукатала" – слухаць
Новы альбом "Палацу" – гэта той выпадак, калі да музыкаў няма пытаньняў, бо запісана, загорнута і пададзена ўсё на вышэйшым узроўні. Няхай сабе больш за палову альбома музыкі спалілі ў час 10-гадовай паўзы ў дыскаграфіі і з рэлізу ня выйшла такога ўжо вялікага сюрпрызу. Альбом найперш паказвае невычэрпнасьць беларускага фольк-року. Хаменка тут дае майстар-кляс тым музыкам, якія прызвычаіліся паразытаваць зь беларускага фальклору: узяў песьню са зборнічка ды пад звычайны квадрацік яе сыграў. А не – Алег з калегамі стварыў аўтарскія рэчы, якія пэўна што будуць успрымацца за народныя ўжо пры іх жыцьці.
4. Clover Club "Random Mood Jukebox" – слухаць
Вельмі мілы, адметны і самадастатковы альбом. Той выпадак, калі мова не мае ніякага значэньня. У іх песьнях – поўная гармонія і ніякага падладжваньня пад прыдуманыя кімсьці калісьці стандарты. Вялікая рэдкасьць, калі беларускія песьні не губляюцца, калі іх закінуць у плэй-ліст, скажам, разам з яскравымі прадстаўнікамі брытанскага індзі.
5. Handmade "Demo – The Music From Unfreedom" – слухаць
Альбом з назвай, якая як мінімум насьцярожвае, апынаецца вельмі лірычным, нават інтымным, дзякуючы вершам Валошына і Лабадзенкі ды лёгкаму і паветранаму гучаньню. Іх вельмі лёгка распазнаць з першага ж гуку ды ўмомант вывучыць песьні. Вельмі камфортная, утульная і прыемная музыка, якой у Беларусі не стае.
6. Аддис Абеба "Механизм" – слухаць
Музыка гурта з той жа опэры, што і Handmade – яны ведаюць, як зрабіць прыгожа і ненапружна ды пры гэтым выказаць напоўніцу свае думкі. Можа "Механізм" і саступае папярэдняму альбому "Шифроваться", але дакладна не расчароўвае. Наогул жа, здаецца "Аддис Абеба" вельмі недаацэненая ў нас каманда.
7. Зьміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra "Ваячак" – слухаць
Радасьць апаноўвае ад таго, што Вайцюшкевіч вырашыў выйсьці за межы бард-року ды экспэрымэнтаваць з формай і падачай беларускай і замежнай паэзіі. У "Ваячку" атрымалася яшчэ больш разьняволена і нечакана, чым у "Чары". Альбом атрымаўся няроўны і вельмі нэрвовы, гэтым ён і каштоўны. Вельмі дапамагае зразумець лепей "Ваячка" жывы паказ, які без сумневу адбудзецца калі-небудзь адкрыта і публічна.
8. Neuro Dubel "Дохуя советчиков" – слухаць
Нармальны такі альбом для тых, хто палюбіў "дзюбелей" даўным-даўно, калі яшчэ Кульлінковіч не ўзяў пачытаць у Вольскага зборнічак Караткевіча. Можа быць нават, што гэта настальгія гурта па сябе самому ўзору сярэдзіны 90-х. І добра, што тут музыкі практычна цалкам пазбавіліся прывіду "рамштайнаў", што перасьледаваў іх апошнім часам. Такі во паходны рок-н-рольчык у іх атрымліваецца куды лепш.
9. Hair Peace Salon "Gentleman" – слухаць
Прыемна чуць цэльны выпеставаны альбом, у якім ставяць не на адну-дзьве канкрэтныя песьні, а адразу на ўсе трэкі. І да кожнага адпаведны падыход – як да сваёй галоўнай песьні, на якую не шкада пакласьці ані сілаў, ані грошай, ані частку жыцьця. Вось менавіта так працуе гурт Hair Peace Salon.
10. Sounduk "Том второй" – слухаць
Тое, што робіць у музыцы Ганна Хітрык з калегамі, даўно ня дзівіць. Але хто сказаў, што выканаўца абавязкова павінен зьдзіўляць? Sounduk ставіць на простыя мэлядычныя нумары, кожны зь якіх трымаецца выключна на харызьме вакалісткі. І гэта можа крануць таго, хто яшчэ не развучыўся суперажываць.