Пресса

« Назад

Лявон Вольскі і перадвыбарчая клясыка

Добры і правільны канцэрт зь лепшымі беларускімі поп-рокавымі зоркамі на заднім фоне і Лявонам Вольскім ва ўсім белым на вастрыі падзей — з пункту гледжаньня камэрцыйнага посьпеху рашэньне бясконца правільнае. І тым ня менш арганізатары вырашылі падкінуць дадатковай саланаватасьці ў згатаваную па даўнім рэцэпце музычную салату, анансаваўшы канцэрт за 3 дні да прэзыдэнцкіх выбараў, ну, і заадно, за 8 дзён да Калядаў.

Хаця ў анонсах канцэрту і абяцалі «чаканы цуд на каляды», але цуд, гледзячы па ўсім, перанесьлі, і атрымалася супольнае «чаканьне цуду на выбары». Зрэшты, ад пачатку канцэрт у кз «Мінск», дзе на галоўнай сцэне красаваўся ўжо стандарты «крамбамбулеўскі» бэнд Вольскага, нагадваў гэтакую агульную мэдытацыю 30-гадовых нэарамантыкаў зь сярэдняга клясу на тэму настальгіі па страчанай Вільні і адышоўшых клясыках беларускай літаратуры.

Па перакананьні Вольскага, незразумелы беларускімі крытыкамі і добра прыняты журналістамі заходнімі, праект «Белая яблыня грому» — праграма на вершы беларускіх клясыкаў: ад Міцкевіча да Барадуліна — заняў усё першае аддзяленьне канцэрту. Прэм’ера праграмы адбылася ў сакавіку 2010 у Купалаўскім тэатры пры поўным аншлягу. Гэтым разам гучала «пашыраная» вэрсія праекту з дадатковымі клясыкамі і новым паралельным відэа-шэрагам, дзе чорна-белыя кінахронікі і фота зьмяняліся аўдыё-запісамі адышоўшых клясыкаў белліту і, так выглядала, толькі сёньня зьнятым відэа дачкі прадусара N.R.M. Шаблінскага Евы, што чытала напамяць «Спадчыну» Янкі Купалы. Да «старых» (запісаных на аднайменным дыску) клясыкаў «Белай яблыні грому» дадаліся Анатоль Сыс ды Ўладзімір Караткевіч.|

І кодэкс у падарунак

У другай частцы канцэрту на сцэну выйшла «ўжо моцна цяжарная» Ганна Хітрык. Толькі гэтым сваім выхадам акторка зачыненага на рамонт Купалаўскага ўжо, падаецца, шакавала многіх (а можа, кагосьці і натхніла?). Але яшчэ большы шок і аплядысмэнты выклікалі словы пра хуткі канцэрт яе праекту «Сундук» — нічога не перашкаджае Ганьне актыўнічаць па-ранейшаму.

Да Хітрык арганічна ўліліся ў шоў Зьміцер Вайцюшкевіч («у яго ж сын нядаўна нарадзіўся», — шапталіся гледачы), Уладзімір Пугач (партнэр Лявона па рыбалцы, Уладзімір сам нядаўна амаль ня стаў ахвярай выбараў, калі канцэрт «J:морс» спачатку адмянілі, а празь дзень раптам вярнулі на месца) і барадаты Аляксандр Памідораў (той у дадатак да моцнага рэпу «Немец» на верш Багушэвіча яшчэ пасьпеў самавольна выскачыць на сцэну ў другой частцы канцэрту).

Прыкладна ў гэты момант усе раптам узгадалі пра блізкія выбары.

«Да сустрэчы ў іншай свабоднай краіне», — словы Лявона, сказаныя перад канцом першай часткі канцэрту, пэўна натхнілі ня толькі публіку, але і Зьмітра Вайцюшкевіча, які распачаў частку другую. Яго пальцы ў час выкананьня гіта злому 2000-х «Я нарадзіўся тут» раз-пораз уздымаліся ў нейкім рэфлексійным кандыдацка-някляеўскім ‘V’, што, магчыма, стала вынікам зморваючага ўдзелу музыкі ў агітацыйнай кампаніі. Зрэшты і на канцэрт Зьміцер прыляцеў наўпрост з апошняга перад галасаваньнем мітынга паэта-прэтэндэнта.

Падаецца, выказацца пра выбары сёньня хацелі ўсе, намёкамі і паўнамёкамі музыкі даводзілі, што «вы самі ведаеце, што ўсё будзе добра». А Ўладзімір Пугач, які выканаў з Вольскім мілы сяброўскі дуэт «Такога няма нідзе» з аднайменнага навагодняга праекту, увогуле расшчодрыўся на ня менш мілы падаруначак для Лявона:

«78 артыкул», — усьміхнуўся лідэр «J:морс» і выцягнуў з-за поясу Выбарчы кодэкс Беларусі. — «Ты ж назіральнікам будзеш!» — нагадаў Уладзімір пра рашэньне Лявона ў кагорце іншых зорак узяць удзел у назіраньні за выбарамі. Дарэчы, у згаданым Пугачам артыкуле якраз і гаворыцца пра тое, як мусіць правільна весьціся падлік галасоў.

Заля быццам чакала ўсё гэта, і з радасьцю рэагавала на кожны «каляпалітычны» жарцік музыкаў. «Крамбамбуля» ж, апрануўшы шатляндзкія кілты, паціху перавяла дзею ў дыскатэчны фармат са звычайнымі «песьнямі народаў Эўропы». Гэтым разам Лявон прайшоўся па харватах (нават выканаў частку кампазыцыі па-харвацку) і крыху захапіў французскія матывы. На апошніх кампазыцыях заля ўстала і рынулася да сцэны. Канцэрт скончыўся чаканымі «Гасьцямі».

generation.by

« Назад

Soundэфир


Сделаем чудо вместе!

Рассылка

Здесь можно подписаться на рассылку «новостей из сундука»:
Ваш e-mail