Пресса

« Назад

Ганна Хітрык: «Не магла паверыць, што я нарадзіла гэтага чарвячка, і ён цяпер намі камандуе!»

Адная з вядучых акцёрак Купалаўскага тэатра за пару гадзін да нараджэння дзіцяці ўратавала дарослага сабаку з прытулка. 

"Аднойчы захацелася кавуна, але вырашыла не есці гэтую гадасць!"

— Ганна, вы моцна капрызілі падчас цяжарнасці?

— Ведаеце, абсаютна не. Адзін раз гэтай зімой мне захацелася кавуна. Я проста пабачыла па тэлевізары кавун і ўзвыла! Але я не настолькі ідыётка, каб есці гэтую гадасць, каб шкодзіць дзіцёнку. Я нават памятаю, што Сярожка (муж Ганны акцёр Сяргей Рудэня. — Аўт.) прынёс мне трускалкі. Я спытала: "А навошта?.. Гэта ж дорага!" У мяне нейкія кліны былі з серыі "салодкая гарбата і бутэрброд з селядцом". Але так, каб я кудысьці ганяла мужа і крычала "вой, хачу, паміраю!" — такога не бывала. Была, праўда, такая асаблівасць: звычайна я спакойна стаўлюся да цукерак, а тут вось апошнія колькі месяцаў моцна захацелася салодкага.

— Ганна, літаральна за пару дзён да нараджэння Сцяпана вы прымалі ўдзел у здымках кліпа, а за пару тыдняў да гэтага давалі паўнавартасны канцэрт са сваім гуртом "Сундук". Як думаеце, Сцяпан адчуваў гэта?

— Я ўпэўнена, што ён адчуваў усё! Не ведаю, наколькі яму было ўтульна, але паводле свайго стану мяркую, што моцна не пакутаваў.

— Такі актыўны характар мамы перадаўся дзіцяці?

— Характар у яго адназначна мой, ён вельмі неспакойны. Я таксама такі неспакойны чалавек. Але знешнасць у яго выключна татава!

"Ужо ўвосень планую выйсці на сцэну тэатра"

— За колькі часу да нараджэння Сцяпана вы апошні раз выходзілі на сцэну ў тэатры?

Анна Хитрик, Сергей Руденя

— Вось літаральна ў снежні яшчэ выходзіла ў "Пінскай шляхце" на гастролях у Варшаве. І ўсё, пасля гэтага папрасіла спакою. Бо так наскакалася, што адчувала сябе кепска. Але на сёмым месяцы яшчэ іграла.

— Рыхтаваліся маральна, што цяпер пэўны час давядзецца не выходзіць на сцэну?

— Канешне. Складана гэта, і складана даецца адарванне ад "Сундука", ад музыкі. Бо мы толькі-толькі пачалі граць у складзе "Сундука", задумваем дыск. А цяпер трэба рабіць такі вымушаны перапынак.

— Чаму вы змянілі назву гурта з "Дзецідзяцей" на "Сундук", калі там збольшага тыя ж удзельнікі?

— Два чалавекі сышлі, і я палічыла, што гэта няшчыра ў дачыненні да іх — граць далей пад старой назвай. Бо яны таксама былі суаўтарамі песень. Хоць многія мне казалі, што "Дзецідзяцей" удалая назва, што не трэба яе змяняць... Цяпер праца працягваецца. Пакуль я не магу ў ёй актыўна ўдзельнічаць, музыкі запісваюць інструменты, голас будзем запісваць пазней.

— Ганна, мне здаецца, што такі актыўны чалавек, як вы, не будзе тры гады глуха сядзець у дэкрэце... Паводле вашых падлікаў, хутка вас пабачаць гледачы?

— Думаю, што ў тэатр вярнуся ўжо ў новым сезоне, а з гуртом, магчыма, і раней на сцэну выйду! Бо тэатр вымагае больш напругі, рэпетыцыі, трэба туды рэгулярна хадзіць. А з "Сундуком" можна і дома парэпетаваць.

З’явіліся амаль адначасова

— Я ведаю, што літаральна перад нараджэннем дзіцёнка, у вас у сям'і з'явіўся яшчэ адзін хвастаты персанаж...

— Вой, адкуль вы ведаеце!.. Я, здаецца, нікому не казала асабліва... Сапраўды, гэта было неверагодна!.. У мяне была даўняя мара ўзяць сабаку. І Сярожка даўно хацеў сабаку. Нас, відаць, спыняла, што мы ўвесь час у працы... Але я чалавек-заскок, я хадзіла і ныла, што хачу сабаку. Я абавязкова хацела, каб мы ўзялі сабаку з прытулку на Гурскага. Дарослага сабаку, якога ніхто не возьме, якога патрымаюць 10 дзён і ўсыпяць. Я вельмі хацела ўратаваць такога сабачаціну. Дагэтуль у нас было два каты. Мой кот Масік у лістападзе памёр — старэнькі быў, хварэў... Застаўся вось кот Кешка. І 29 студзеня мы ехалі з мужам па горадзе (мне здаецца, гэта Сцяпан нешта ўжо наваражыў у жываце), абмяркоўвалі, як будзем увечары глядзець казкі, якія Сярожа напампаваў з інтэрнэту. І я ў васьмісоты раз кажу: "Яшчэ б сабаку абдымаць пры гэтым..." І раптам ён кажа: "Усё, паехалі браць". Я ад нечаканасці кажу: "Паехалі!" Мы прыязджаем на Гурскага і кажам, што нам трэба сабачка невялікага памеру, прыкладна з котку, каб гэта была дзяўчынка. Ідзем глядзець. Усе сабакі павылазілі з будак, сталі брахаць — сэрца сціснулася, хочацца ўсіх забраць... Яны глядзяць на цябе такімі вачыма... І раптам бачым аднаго сабаку, які не брэша, а проста глядзіць так, нібыта кажа: "Усё адно вы мяне не возьмеце..." Скажам так, зусім не ростам з котачку, а гэтак котачак пяць прыкладна!.. Я кажу: "Сяргей, мне падабаецца вось гэты" Ён кажа: "Мне таксама". Мы схапілі вось гэтае чорнае чудзішча, якое, вядома, апынулася хлопчыкам!

— Гэта нешта пародзістае?

— Нешта дварняжыстае!.. Сярожа быў у ветэрынара, дык сказалі, што нешта там ад залётнага лабрадора ёсць. Хоць я ніякага лабрадора там не бачу!.. Але важыць 15 кілаграмаў!

— Я так разумею, што вы ўзялі сабаку, а літаральна назаўтра нарадзілі?

— Было нават горш! Мы прыехалі дадому, і Сярожа пайшоў яго мыць. І пакуль Сярожа мыў, я падумала, што нешта мне нядобра. Думала, проста знервавалася з гэтымі сабачкамі... Але прыкметы ўзмацніліся, я стала крычаць... Бедны сабака быў у шоку, нічога не мог зразумець: забралі, памылі, пасля пачаліся крыкі, і ўсе з'ехалі... У выніку Сярожа а палове на першую завёз мяне ў лякарню, а ў 7.43 раніцы я нарадзіла.

— Ганна, сабака і дзіця з'явіліся ў вас адначасова. Не было адчування, што гэта двайняткі, якія абое патрабуюць увагі?

— Сабака патрабуе значна меншага догляду. Ён, відаць, настолькі ўдзячны, што яго ўратавалі, што яго не чуваць увогуле. Ён нават ката баіцца нашага! Ходзіць за Сярожам і моцна любіць яго. А Сцяпан — ён сапраўдны гаспадар, такі сабе капрызюха! Вяроўкі з нас круціць! Калі дзіця крычыць, сабака перажывае, хоча яго супакоіць, аблізаць, а яму не даюць. Таму ён аблізвае Сярожу. Мы збіраемся разам у пакоі, у мяне на жываце ляжыць Сцяпан, побач Сяргей, пад нагамі кот і побач пёс сядзіць. Сапраўдная ідылія! Я не шкадую, што ўзялі сабаку.

— Зараз такія моцныя маразы пачаліся. Ходзіце з дзіцёнкам на двор?

— Учора не гулялі, а сёння не было ветру, дык выходзілі. Паветрам, хоць троху, а дыхаць трэба. Як будзе зусім халодна, канешне, будзем дома сядзець. Але для мяне невыносна — з хаты не выходзіць!

— Ганна, што самае галоўнае змянілася ў вашым жыцці?

— Самае нерэальнае — што я сяджу дома. Адбылася нейкая штука... Мы яшчэ больш згуртаваліся ў сям'і. Я стала яшчэ мацней залежаць ад Сяргея. І гэта цудоўна, бо я — фанат сям'і, лічу, што гэта галоўнае. Я гляджу на малога і думаю: "Божачкі! Я нарадзіла вось гэтага маленькага чарвячка, і ён цяпер намі камандуе!.." Я ў шоку ад гэтага!..

— Вы шмат каму паказвалі дзіцёнка?

— Практычна нікому. Сярожавы бацькі бачылі, будучая хросная заходзіла... Наша віяланчалістка Юля прыйдзе на выхадных. Мая сям'я яшчэ не бачыла, бо ўсе хварэюць. Я сказала: "Нават са смаркачамі на парог не пушчу!"

Автор: Глеб Лабадзенка

tut.by

« Назад

Soundэфир


Сделаем чудо вместе!

Рассылка

Здесь можно подписаться на рассылку «новостей из сундука»:
Ваш e-mail