«Вера, надзея, любоў»: Лявон Вольскі і Ганна Хітрык прэзентавалі супольны відэапраект
У эфіры TUT.BY-ТВ музыка Лявон Вольскі і акторка Ганна Хітрык прэзентавалі відэакліп на супольную песню “Вера, надзея, любоў”. Здымкі відэа адбыліся напрыканцы студзеня, усяго за тры дні да таго, як Ганна нарадзіла першынца Сцяпана.
“Назва кліпа гаворыць сама за сябе. “Вера, надзея, любоў” - тое, што цяпер, як нам падаецца, так патрэбна і беларускаму народу, і ўсяму свету, - распавёў аўтар песні Лявон Вольскі ў эфіры TUT.BY-ТВ, прэзентуючы кліп. - Мы паспрабавалі даць людзям пазітыўныя эмоцыі ды дапамагчы задумацца пра спрадвечныя каштоўнасці, якія неабходныя кожнаму ў любой сітуацыі”.
Па словах лідара гурта “Крамбамбуля", кліп раскрывае дзве чалавечыя натуры: адна з іх увесь час сумняецца, а іншая верыць. "Памятаеце, "Дзве душы" у Максіма Гарэцкага", - кажа Вольскі.
“Мы жывем у век сумневаў. Верыць ў гэта ці ў тое? Каму ўвогуле можна верыць? Што рабіць? Для чаго мы жывем? Усе задаюць гэтыя пытанні, але пры гэтым не перастаюць спадзявацца і верыць, - дзеліцца сваімі ўражаннямі акторка Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык, якая стала мамай усяго праз тры дні пасля сканчэння здымак. - У гэтай цудоўнай песні ёсць галоўныя радкі: “А я спадзяюся і веру”. Гэта самае важнае, што трэба чалавеку ад першых да апошніх дзён. Песня настолькі празрыстая і ясная, што не мае патрэбы ў ніякіх дадатковых тлумачэннях”.
Рэжысёр кліпа Мацей Сабураў, які запазычыў ідэю здымак у класічным фільме Аляксея Германа “Проверка на дарогах”, перакананы, што задума атрымалася, бо яе рабілі "дарослыя людзі”. “Рок-музыкаў у нас прынята лічыць тынэйджэрамі з ветрам ў галаве і стымулятарамі. Мы дарослыя людзі з сем’ямі, дзецьмі і думкамі ў галаве. Таму хацелася, каб гэта праца ўспрымалася менавіта ў такой сістэме каардынатаў”, - падкрэсліў Сабураў.
Спампаваць клiп у высокай якасцi
Тэкст: Лявон Вольскі
Музыка: Лявон Вольскі, Паўлюк Рысь
Рэжысёр: Мацей Сабураў
Спявалі: Ганна Хітрык, Лявон Вольскі
Гралі: Сяржук Штэндэр (бубны), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас-гітара), Паўлюк Рысь (гітара), Альгерд Гарус (гітара), Радаслаў Сасноўцаў (труба)
Запіс і звядзенне песні: Андрэй Баброўка
Графіка: Таня Нікеенка, Мацей Сабураў
Грым: Жанна Лявонава
Каардынатар: Ганна Вольская
Асаблівая падзяка Таццяне Давыдзенка (davydenko.org) за дызайнерскую сукенку для Ганны Хітрык
“Вера, Надзея, Любоў”
“Усё часцей чуеш шматкі безнадзейных фразаў: “Гэтай зямлі ўжо нічога не дапаможа”, “Гэта, напэўна, вельмі надоўга”, “Вось і жывіце самі ў сваім калгасе”… Роспач, паняверка, расчараванне… Гэтыя пачуцці ахапляюць ўсё большую колькасць людзей. Хацелася Калядаў, цуду, дзіцячых адчуванняў, а давялося пісаць святочныя паштоўкі ў вязніцу… Хацелася слухаць улюбёнае радыё, але на гэтай хвалі - цішыня. Хацелася глытку свабоды на канцэрце ўлюбёнага гурту… Замест гэтага панура цягнешся здаваць квіток. Таленавітыя, амбітныя, адукаваныя людзі штодня з’язджаюць з краіны. На Захад, на Ўсход, ва ўсіх накірунках. Стаміліся ад хамства, ад шэрасці, ад адсутнасці перспектывы. Ад прапаганды, ад страху, ад вычварных правілаў гульні. Ад непажаданых тэмаў, ад кар’ернага росту спрытных мужычкоў і кабетак, якія ўмеюць у патрэбны час вымаўляць патрэбныя словы… Дык што - усё? Ад нас нічога не залежыць? Мы сапраўды ні на што не ўплываем? Няўжо напраўду застаецца толькі эміграцыя? Ці то на радзіме — унутраная, ці ў іншай краіне - натуральная? Што пераможа - роспач, расчараванне, нянавісць? Ці Вера, Надзея, Любоў? Адказ - у кожным з нас”. Лявон Вольскі |
А я спадзяюся, чамусьці,
Што ў свеце слаты ды імжы
Не мусяць памерці пачуцці,
Нібыта зімою бамжы.
І Вера не мусіць быць страчанай,
Як тая валізка ў метро,
Бо будзе халодна і страшна нам
Бязвернай сібернай парой.
Як верыць тым, хто нахлусіць і пакрадзе?
Ніхто нікому ўжо не верыць і нідзе.
Як верыць у шчаслівы час і лепшы дзень,
Калі наўкол няма людзей, няма людзей?
Я веру, і вы мне паверце:
У свеце, дзе ўсіх не сагрэць,
Надзея не мусіць памерці,
Хіба што крыху захварэць...
Хіба што крыху пахіснуцца,
Але не пад лёд галавой...
Надзея не мусіць загнуцца
Ў халодных палях пад Масквой.
Няўдалы ход, згасае год, згасае дзень,
І ў людзей няма надзей, няма надзей.
За крокам крок, за годам год ідзе ў тузе,
І ў людзей няма надзей, няма надзей.
А я спадзяюся і веру,
Што з нашых халодных краёў
Не выправіцца ў вырай
З чародамі птушак Любоў,
Не будзе ахвяраю зайздрасці,
Ня вып’е атруту да дна.
І ў кроку адным ад нянавісці
Нас тут не пакіне яна.
Заўжды імжыць, няма як жыць, як тут любіць?
Як тут любіць, калі ўсё жыццё баліць?
Як тут любіць, калі змагаешся, каб быць?
Каго любіць, калі усіх вучылі біць?
А я спадзяюся і веру…