Пресса

« Назад

Аня Хітрык: «Падарунак! Гэта ж падарунак, людзі! Вы радуйцеся гэтаму!»

Спявачка і актрыса прачыніла «Том I», расказала пра выхад з "дзіцячага" стану і агучыла праблемы маладой мамы.

Пра Сцяпана і музыку. Уступ.

Еўрарадыё: Ёсць устойлівае меркаванне пра тое, што з нараджэннем дзіцяці жыццё бацькоў кардынальна змяняецца…

Аня Хітрык: О, так! І стаўленне, і самаадчуванне, і наогул усё змяняецца. Але як па мне – я вельмі шчаслівая! У мяне няма такога: «Усё! Рукі адымаюцца, галава не варыць!» Ну, праўда галава не варыць, і рукі адымаюцца (смяецца), але вельмі мне падабаецца цяпер.

Еўрарадыё: Твая музычная дзейнасць не спыняецца.

Аня Хітрык: Так. Вось учора рэпетавалі 3 гадзіны. Дзве з іх Сцёпа спаў у калясцы на вуліцы з татам. А апошнюю гадзіну правёў з намі на рэпетыцыі: я спявала, і ён спяваў, і плакаў, і ўсё на святле. Мы ж выпускаем дыск зусім скора. І кліп, і ўсё, і хвалююча.

Пра новы альбом

Еўрарадыё: Дыск будзе вясновы.Ты нам у інтэрв'ю распавяла аднойчы.

Аня Хітрык: Ну, так. Мы жадалі выпусціць яго вясной, таму, што я наогул чалавек «трохі хворы» на даты,  для мяне ўсё важна: і дзень, і чысло, і, тым больш, пара года. Вясна – мая любімая пара. Я жадала, каб там быў дождж, і гром, і малюначкі. Таму што я люблю, калі слухаю музыку, малюначкі бачыць. Не бачу – значыць, дрэнная музыка… Мы катастрафічна не паспявалі, таму паставілі на апошні дзень вясны, чаму я вельмі рада.

Еўрарадыё: Гэта значыць, 31 траўня будзе і прэзентацыя дыска, і ён з'явіцца ў крамах?

Аня Хітрык: Так!

Еўрарадыё: Як ён будзе называцца?

Аня Хітрык: «Том I».

Еўрарадыё: І што ж у гэтым «Томе» прачытаюць чытачы?

Аня Хітрык: Шмат чаго. Ну як заўсёды, зрэшты, гэта нейкія ўнутраныя перажыванні, і тое, што адбываецца вакол, і каханне. Увогуле, я сабе асабліва не здраджвала. Няма там калыханак «Топ-топ, ножки, хлоп-хлоп, глазки». Можа быць, я адрозніваюся ад іншых спявачак, таму што мне кажуць: «Нарадзілася дзіця, і цяпер пачнуцца «ты мой мальчик маленький» - такі дыск выпусціць Хітрык». Неяк не пішуцца ў мяне такія песні.

Пра песні для Сцяпана і пра Моцарта

Еўрарадыё: Але песня, прысвечаная Сцяпану, напэўна, ёсць?

Аня Хітрык: На дыску няма. Яны амаль усё напісаныя пад уплывам Сцяпана. Гэта значыць, я, калі яго насіла, тады ўтварыўся гэты гурт, адпаведна, усе песні былі на палову мае, на палову -- сцяпанаўскія.

Еўрарадыё: Ты калі насіла Сцяпана, слухала нейкую адмысловую музыку? Моцарта, напрыклад?

Аня Хітрык: Вельмі хацела, але ўключыўшы, разумела, што шум хваль, Моцарт і ўсё, што раілі на кансультацыях, мяне ўсыпляла і не давала мне думаць. Мы слухалі джаз. Але я ніколі не слухала КоЯn і падобныя гурты, і цяжарная не слухала. Адзінае, на фільмы падсела пра каханне. Мне трэба было, каб хэпі-энд быў.  Фільмы для хатніх гаспадынь. Мульцікі. Я ўвесь час прасіла скачаць мне мульцік пра прынцэсу, але толькі каб усё ў канцы добра было. “Ровай-каровай” стала, мне ўсіх было шкада. Калі сустракалася тэма “Дзеці і сабачкі” – я ўся ў слязах.

Пра сабачак

Еўрарадыё: Гэта значыць, калі Сцяпан аднойчы захоча сабачку – яна ў яго будзе?

Аня Хітрык: У Сцяпана ёсць сабачка: у дзень, калі пачаліся схваткі, мы паехалі на Гурскага і ўзялі вялікую чорную пачвару.

Еўрарадыё: І як яны ужываюцца?

Аня Хітрык: Цудоўна! У нас жа каток яшчэ ёсць!

Еўрарадыё: Ага!

Аня Хітрык: Чача не кідаецца на ката! Разумее ўсё! Разумее, напэўна, што яго выратавалі, што яму заставалася мала. Калі мы прыйшлі на Гурскаго з велізарным жыватом, цётачка, якая нас сустрэла, глядзела на мяне з жахам і, напэўна, думала, што гэта мой цяжарны бзік, і што назаўтра мы сабаку вернем. Яна спытала: «А калі вам нараджаць?» Я кажу: «Заўтра, ці пазаўтра». Але я ж не ведала, што сёння! Таму што мы прынеслі сабаку, і ў мяне пачаліся схваткі… Мы праходзілі міма ўсіх гэтых сабак, яны так вылі і брахалі, як быццам крычалі: «Дапамажыце!» А ён адзін маўчаў. І такое складалася ўражанне, што ён ужо не прасіў. Мы з Сярожам сустрэліся вачамі і зразумелі, што забяром яго, хоць ішлі за маленькім сабачкам. Не з-за таго, што модна, а таму што кватэра здымная, кот, дзіця, ну куды нам вялікі сабака? Ну і ўзялі ў выніку велізарную пачвару (смяецца).

Яшчэ раз пра «Том I»

Еўрарадыё: Давай вернемся да «Тома I». Колькі песень увойдзе ў альбом? Пра што ён?

Аня Хітрык: Песень увойдзе 14. Я вельмі жадала 13, таму што я фанат гэтага чысла. Потым мы вырашылі зняць, не скажу што кліп – відэашэраг на нефарматную песню. Ёсць у нас такая песня – зусім-зусім нефарматная (я яе не «здам») і ёсць дзяўчынка Аня Гарбачэўская, якая нам заўсёды дапамагала па меры сіл і магчымасцяў – выдатны фатограф, рэжысёр. Я распавяла ёй ідэю відэа на песню, а яна прапанавала гэта зрабіць. Я сказала: «Аня, але ў нас няма грошай!», а яна: «Божа, ды мы ж сябры!» Такая вось гісторыя, нібыта простая. Але ў наш час усім усё трэба і ніхто за «проста так» нічога не робіць. Але я чарговы год сутыкаюся з чароўнымі падарункамі людзей. У мяне ўвесь час з'яўляюцца людзі, якія "за проста так" проста так робяць. І не тое, што я карыстаюся гэтымі людзьмі. Я звяртаюся, а яны нічога не хочуць наўзамен. Мне шанцуе на гэта, цьфу- цьфу- цьфу. І мы зрабілі кліп з Аняй. Мне ён вельмі падабаецца. Яшчэ мне падабаецца, што ён нікуды не пойдзе, акрамя інтэрнэту і нашага дыску. Такі падарунак слухачу. А пра што дыск? Усё маё: нейкія грузнячкі, нейкія прыколы… Вясна, вясна, вясна ва ўсіх праявах: сёння холадна, учора – цёпла.

Пра «Sunduk» і «Дзецідзяцей»

Еўрарадыё: На твой погляд, як успрымаюць твае прыхільнікі гурт «Sunduk» – як працяг «Дзяцей» ці як новы этап Ані Хітрык?

Аня Хітрык: Цяпер ужо як новы этап. На першы канцэрт, я не настолькі дурная, каб не разумець, павінны былі прыйсці прыхільнікі «Дзецідзяцей» і вырашыць для сябе – будуць яны гэта слухаць ці не. Хтосьці адсеяўся, і я да гэтага была гатовая. Хтосьці раскрытыкаваў нас яшчэ да таго, як быў першы канцэрт. Да гэтага я гатовая не была. Як жа гэта: ты яшчэ не паказалася людзям, а ўжо не падабаешся. У кагосьці ёсць асабістыя крыўды з серыі «як яна/яны маглі растацца? Мы ў іх верылі!» Хтосьці любіў малюначак, хтосьці любіў персанажаў – прыватных асоб, хтосьці мае ці нашы песні. Так, у «Дзецідзяцей» пісаў Міша, Сеня і я. Тут пішу я. Вядома, нейкіх частак не стала, але з'явіліся нейкія іншыя. Зноў жа, Сцяпан змяніў… Усё змяняецца. Не толькі справа ў Сцяпане. Распад гурта ён таксама на ўсіх паўплываў, я, натуральна, змянілася – стала дзесьці больш сталай і рэзкай, а дзякуючы некаторым людзям, стала мякчэйшай і больш даверлівай. Таму я думаю, што цяпер прыйдуць людзі, якім падабаецца «Sunduk». Ужо не параўноўваць прыйдуць, а слухаць.

Хто заўважыў распад «ДД»

Еўрарадыё: Як у тэатры паставіліся да распаду вашага музычнага тандэму Міша-Дзіма-Аня?

Аня Хітрык: У тэатры неяк ніхто асабліва не сачыў за нашай творчасцю, і я не скажу, што ўсе тэатралы хадзілі да нас дружна на канцэрт. Хадзілі людзі, вельмі любімыя і паважаныя мной, ну вось яны і на «Sunduk», я заўважыла, ходзяць. У нас у тэатры, як і ў любым тэатры і ў любым грамадстве, любяць казаць, і часцяком, казаць не ў вочы. Вядома, хтосьці пашушукаўся, хтосьці пацешыўся, камусьці абыякава. Фурор гэта не выклікала. Хутчэй, форумцам – так, ім было горка і крыўдна, незразумела. Я лічу, што гэта нашы асабістыя адносіны, з-за іх мы разыйшліся з дзецьмі, і распавядаць на канцэрце, хто каго пакрыўдзіў –  дурное. А яны дадумваюць сабе, дафарбоўваюць і хвалююцца. Але ўжо ўсё ў парадку.

Пра музыкаў-качэўнікаў

Еўрарадыё: Музыкі «Дзяцей» – склад, які акампануе – сышоў з табой…

Аня Хітрык: Не тое, каб ён сышоў са мной. Дзеці ж іх не клікалі сысці з імі. Я наогул спачатку крычала, што нічога не буду рабіць, потым я яшчэ даведалася, што  цяжарная і вырашыла, што значыць так трэба. Што гэта ні ў якім разе не замена, але калі табе горка і адбываецца штосьці выдатнае, ты думаеш, што гэта іншы этап. Юлька – яна ж мая блізкая сяброўка, і ў любым выпадку, калі былі нейкія гутаркі паміж мной і дзецьмі, Юлька заўсёды была на маім баку. Гэта як сваяк – ён будзе на тваім баку, але дома табе «ўваліць». Глушыцкая была адразу са мной і пачала казаць, што яна сумуе і жадае канцэртаў. А атрымалася так, што ў нас вяселле было на носе з Сярожкам, і мы прыдумалі наш уласны вальс, і гэта паклала пачатак гурту, таму што прыдумалася песня. І такое лета ўдарнае было, і першы адпачынак у краіне, пра якую я марыла – мы паехалі ў Чарнагорыю. І неяк там так раз-раз-раз пачалі пісацца песні… Вярнуліся з адпачынку і вырашылі, што час брацца за справы.

Еўрарадыё: «Sunduk» пойдзе па пракладзенай «Дзецьмі» дарозе?

Аня Хітрык: Я не ўмею думаць у правільным кірунку, не ўмею прыдумляць нейкія планы, наводзіць патрэбныя знаёмствы, не ўмею выкарыстоўваць. Я, дапусцім, ведаю, што канцэрт «Sundukа» не прарэкламаваны цяпер. І можна было б патэлефанаваць нейкім знаёмым з сайтаў і папрасіць павесіць у сябе афішы. Але мне сорамна. Я не магу. Я не ўмею прасіць і прыніжацца не люблю. Калі людзям будзе цікава – самі ўсё разрэкламуюць. Тое ж самае было ў «Дзецідзяцей»: у нас не было прадзюсара. Былі добрыя сябры. Увогуле, пракладзенай дарогі не існуе.

…«вядома, гэта не «ДД»

Еўрарадыё: Распавядзі, пра водгукі на «Sundukе». І наогул, як ты да крытыкі ставішся?

Аня Хітрык: Да крытыкі стаўлюся цяпер больш спакойна, хоць і дзіўна. Вельмі многія рэчы я стала наадварот прымаць яшчэ бліжэй да сэрца. Вось я страшна перажывала і, шчыра кажучы, хвалявалася і нават плакала, калі да першага канцэрту з'яўляліся паведамленні пра тое, што нічога не атрымаецца, што «ну, Хітрык, зразумела, яна як заўсёды», што «Аня Хітрык абяцае, як заўсёды, падарункі кожнаму гледачу», што «гэта фішачка «Дзецідзяцей».  Вось такія крыўдныя дробязі. Можа быць, людзі жадалі на іх націснуць, можа, не жадалі, але зрабілі мне балюча, таму што я – чалавек сумленны. Я ніколі не вазьму чужога! Ніколі! І калі я штосьці выкарыстоўваю, значыць гэта, ў нейкай частцы, маё. Я не бачу нічога дрэннага, што на кожным канцэрце на працягу 5-6 гадоў людзі атрымліваюць падарунак. Мне здаецца, што гэта выдатная традыцыя – «Ці Дзецідзяцей гэта, «Sunduk» ці яшчэ нейкі гурт. Да, калі ласка, няхай гэта робяць дзеці «Ілі-Ілі»… Падарунак! Гэта ж падарунак, людзі! Вы радуйцеся гэтаму!

Мяне проста тады вельмі знервавала менавіта няўменне парадавацца за тое, што чалавек узяў сябе ў рукі і пайшоў далей. Мяне забівала і я страшна крычала, памятаю, чаму, калі ў мяне ўсё добра, не знаходзіцца людзей, якія радуюцца гэтаму? Чаму, калі б я цяпер дала камусьці інтэрв'ю ў парыве гневу, распавяла б якую-небудзь гадасць, сказалі б: «І Аня сядзела з куфлем каньяку, выкурвала цыгарэту і казала б «я не вінаватая!» Гэта значыць, людзі б на гэта адразу прарэагавалі: «Хітрык! Бедная Хітрык! Яна запіла! Сарвалася!» І ўсім бы было цікава, усе б мяне так шкадавалі! А калі табе добра, усё пішуць: «Ой, ну як заўсёды – пра дзіця, пра гурт. Нічога цікавага». Самы дрэнны водгук быў прадказальны – «вядома, гэта не «ДД». Я іх нават не чытала. Але гэта пісалі ўсе знаёмыя. А ад незнаёмых людзей негатыўных водгукаў не было, і я зразумела – значыць усё ў парадку.

І зноў у адпачынак!

Еўрарадыё: Далейшыя крокі «Sundukа»: 31-га – прэзентацыя, з'яўляюцца ў краме дыскі, кліп можна паглядзець па YouTube. А далей што?

Аня Хітрык: А далей – адпачынак! Жадалі мы паехаць на адзін вялікі фестываль, але тут ужо нельга не сказаць пра сына яшчэ раз. Для мяне ён галоўны! Галоўней, чым “Sunduk” і ўсё астатняе. Ён яшчэ надта  маленькі. Я не жадаю дзіця мурыжыць. А выхоўваем яго я і тата. І ніякім бабулям мы яго аддаваць не жадаем, як і ніякіх парашкоў і штучнага сілкавання. Таму я дам спакойна дзіцяці падрасці.

Тыповая матуля

Еўрарадыё: Выхаванне "па-хітрыкску" – гэта як?

Аня Хітрык: «Ой, ты мой маленькі! Ой, паглядзі-паглядзі, на жывоцік лёг!» Учора мы ўзялі бразготку і самі перавярнуліся на жывот! Я пішчала і віскатала ад радасці! Глушыцкая, калі прыйшла на агледзіны – Сцяпану тады было 3 тыдні, сказала: «Хітрик, ты – тыповая матуля! Я такой не была!» Ну і што, мне падабаецца!

Еўрарадыё: З якімі праблемамі сутыкаецца маладая мама ў гэтак няпросты час?

Аня Хітрык: Я магу іх агучыць! Калі ты жадаеш працаваць, а мне, натуральна, даводзіцца жадаць працаваць, таму што бабулі-дзядулі ў нас не ў Мінску, значыць, ты атрымліваеш дапамогу ад дзяржавы 0,5. 0,5 – гэта 150 тысяч. 120 тысяч каштавалі памперсы, якія мы купілі два тыдні таму – 104 штукі. Гэта значыць, ты траціш гэтую дапамогу на тое, каб дзіця пасікала і пакакала. А зарплата складае твая 400 з нечым тысяч. Гэта значыць, ты атрымліваеш 600, ну няхай 700 разам з прэміяй. А яшчэ ты здымаеш кватэру за 200 долараў. А 200 долараў на сённяшні дзень ты не купіш нідзе за 5 тысяч, якія афіцыйна стаяць у банку, а ты купіш іх за 7 тысяч, за 6500. Скажыце мне, калі ласка, а як? Я сутыкаюся з такімі ж праблемамі, як усё абсалютна, хоць да гэтага я была гатовая. Таму мы і ходзім на працу, і запісваемся, пакуль дзіця спіць, скачам, мітусімся, мы – усе мамы ў гэтай краіне. Можа, хтосьці разлічвае на бабуль і дзядуляў. Дай Божа, здароўя такім бабулям і дзядулям, якія могуць утрымліваць сваіх унукаў. Нашы бабулі-дзядулі ўсе працоўныя людзі, мая мама атрымлівае пенсію 400 тысяч. Таму надзі - нуль.

Зварот Ані

Я, Аня Хітрык, запрашаю вас на прэзентацыю нашага дыска і кліпа – 31 траўня ў апошні дзень вясны. Вы атрымаеце ўсе свае падарункі з куфра, новыя песні, усе-ўсе-ўсе. Але я хачу ў вас папрасіць пра падарунак нам: каля уваходу мы паставім скрынкі, кантэйнеры ці мяшкі. Мы б вельмі хацелі папрасіць вас  дапамагчы братам нашым меншым. Калі ласка, калі ў кагосьці ёсць стары ланцужок, стары мяккі плед, нейкія крупы – кожны можа прынесці зусім крыху і дапамагчы сабакам, катам з розных арганізацый, якія дапамагаюць нашым валацужным таварышам. Я вельмі шчыра прашу. Я бачыла, як яны жывуць – гэта значна горш, чым у нас. Дапамажыце!

Автор: Маша Калеснiкава

euroradio.fm

« Назад

Soundэфир


Сделаем чудо вместе!

Рассылка

Здесь можно подписаться на рассылку «новостей из сундука»:
Ваш e-mail