Канцэрт гурта «S°unduk» адменены
Прэзэнтацыя дэбютнага альбома «Том І» гурта Ганны Хітрык «S°unduk» была адмененая літаральна за гадзіну да пачатку. Бас-гітарыста каманды Паўла Чымбаевіча забралі на хуткай дапамозе праз востры прыступ. Ёсьць спадзяваньні, што канцэрт адбудзецца ў бліжэйшы час, калі атрымаецца знайсьці вольную пляцоўку, якіх у Менску зусім вобмаль.
«S°unduk» рыхтаваўся да прэм’еры альбома «Том І» з усёй адказнасьцю. Гэта мусіў быць першы выхад Ганны Хітрык на сцэну пасьля доўгага перапынку, зьвязанага з нараджэньнем дзіцёнка. Як толькі стала вядома, што бас-гітарыст Павал Чымбаевіч ня зможа выйсьці на сцэну, астатнія музыкі паспрабавалі пайграць на саўндчэку безь яго, каб не падводзіць тых людзей, якія ўжо набылі квіткі — у Палацы культуры вэтэранаў меркаваўся аншляг. Але потым адмовіліся ад гэтай задумы, бо гучаньне каманды не было паўнавартасным.
«Вельмі сумна, што так адбылося. Ведаю, што шмат хто хацеў нас пачуць у гэты дзень. Некаторыя нават з Масквы прыехалі дзеля гэтага. Таму вымушаная прынесьці ўсім прабачэньні і паспадзявацца на тое, што атрымаецца знайсьці іншую вольную дату і пляцоўку», — зазначыла Ганна.
Пакуль арганізатары яе канцэрту спрабуюць дамовіцца з правядзеньнем мерапрыемства ў іншай залі (у Палацы культуры вэтэранаў ужо няма вольных датаў на чэрвень). У бліжэйшыя дні будзе паведамлена пра дату канцэрту гурта «S°unduk».
Фота: Андрэй Рышкевіч