Прэзентацыя «Soundukа» не адбылася з-за хваробы музыкі
Прэзентацыя дэбютнага альбома гурта “Sounduk” была адмененая ў сувязі са станам здароўя бас-гітарыста калектыва. Музыкі, вядомыя публіцы па дзейнасці ў гуртце “Дзеці дзяцей”, пасля распаду стварылі новы праект і ўжо паспелі запісаць дэбютную плыту.
Гурт мусіў прэзентаваць свой першы альбом гэтым вечарам у жывым канцэрце ў мінскім “Палацы ветэранаў”. У дзень канцэрта бас-гітарыст гурта Павал Чымбаевіч быў шпіталяваны ў сувязі з вострым прыступам боляў у нырках. Расхваляваныя здарэннем былі не толькі музыкі, але і прыйшоўшыя на канцэрт гледачы, між якіх музычны крытык Сяргей Будкін.
- Прыйшоў на канцэрт, каб пачуць дэбютны альбом новага гурта Ганны Хітрык, які завецца “Сундук”. Ён быў шматабяцальны і шмат хто яго чакаў. Тут вось такі здарыўся выпадак, што адмянілі канцэрт не з палітычнай прычыны, як гэта часта бывае ў Беларусі, а праз праблему са здароўем у аднаго з удзельнікаў – яго ўвезлі на “хуткай дапамозе”. І таму вельмі шкада, што сёння мы не пабачым гурт Ганны Хітрык.
Арганізатары канцэрту зазначылі, што ці адбудзецца мерапрыемства ў бліжэйшы час невядома. Ва ўсіх нешматлікіх канцэртных пляцоўках Мінску на бліжэйшыя месяцы распісаны канцэртны графік, што можа паслужыць канчатковай адменай прэзентацыі новага альбома гурта “Sounduk”, без пераносу яго на іншую дату.
Аўтар: Аляксей Красоўскі
Фота: Аляксей Красоўскі